Лыжка мёду: бой з "палівачкай", выйгрыш у два мільёны долараў і карысць эмодзі
Лыжка мёду на Еўрарадыё
Калі б палівамыйная машына ў Маскве магла б разагнацца да хуткасці самага хуткага ў свеце цягніка, які вынайшлі ў Кітаі, пакрыўджаны мужчына наўрад ці напаў бы на яе з кулакамі. Як выглядае 45-кілаграмовая цеплакроўная рыба і чаму не варта забываць ставіць смайлікі — пра гэта і не толькі ў аглядзе самых добрых, смешных, а часам абсурдных навін на Еўрарадыё.
Сціплы падарунак сябра прынёс амерыканцы амаль два мільёны долараў
Карэн Уртэча Сандрэз атрымала ў падарунак ад сябра латарэйны білет і сарвала джэкпот. Сцёршы ахоўны слой, яна знайшла выйгрыш у два мільёны долараў.
"Я не магла паверыць у гэта, шчыра. Чытала і не верыла сваім вачам", — расказвае яна.
Пасля выплаты падаткаў і збораў сума выйгрышу трохі паменшылася, але амерыканка ўсё роўна стала багатай.
У Маскве мужчына напаў на "палівачку"
У цэнтры Масквы мужчына ўступіў у кулачны бой з палівамыйнай машынай. Відэа з бойкай з'явілася ў тэлеграме.
Мужчыну не спадабалася, што "палівачка", якая праязджала міма, абліла вадой яго і яго сяброў, таму ён пабіўся з тэхнікай.
Пакрыўджаны забраўся на дзверы машыны і пашкодзіў лабавую шыбу.
У Кітаі стварылі самы хуткі наземны транспарт у свеце
У Кітаі прэзентавалі цягнік на магнітнай падушцы. Яго хуткасць можа дасягаць 600 кіламетраў за гадзіну. Па словах мясцовых уладаў, гэта самы хуткі наземны транспарт у свеце.
Цягнік быў спраектаваны яшчэ ў 2016 годзе, выпрабаванні праводзіліся з чэрвеня мінулага года ў Шанхаі. Гэты від транспарту цікавы тым, што вагоны не дакранаюцца да паверхні рэйкі, а кіруецца і ўтрымліваецца над дарогай цягнік з дапамогай сілы электрамагнітнага поля. У такіх цягніках нізкі ўзровень шуму праз адсутнасць трэння колаў аб рэйкі і лепшая манеўранасць.
На беразе Ціхага акіяна знайшлі 45-кілаграмовую круглую рыбу
На поўначы штата Арэгон выявілі 45-кілаграмовага чырванапёрага апаха дыяметрам адзін метр. Рыба ляжала на беразе Ціхага акіяна. У яе нават захавалася характэрная чырванавата-серабрыстая афарбоўка. Гэта азначае, што рыба загінула зусім незадоўга да выкіду на бераг.
Апахавых таксама называюць "сонечнымі" або "месяцовымі" рыбамі. Яны могуць дасягаць масы 250 кг і даўжыні двух метраў і ёсць адзінымі цеплакроўнымі асобінамі.
Названая карысць ад смайлікаў
Амерыканская кампанія Adobe растлумачыла, як смайлікі, якія мы выкарыстоўваем у ліставанні, уплываюць на зносіны. У матэрыяле, апублікаваным у яе блогу, дызайнер кампаніі Пол Д. Хант расказвае, што смайлікі дазваляюць наладзіць больш глыбокі кантакт паміж суразмоўцамі.
"Яны могуць дапамагчы перадаць тон голасу, жэсты і рэакцыі", — піша Хант.
Спецыяліст падкрэслівае, што смайлікі дадаюць станоўчыя эмоцыі ў "шэрыя" анлайн-зносіны. Па звестках даследавання, праведзенага Adobe, больш за палову апытаных адчуваюць сябе камфортней, калі выкарыстоўваюць смайлікі ў ліставанні, а не размаўляюць па тэлефоне ці асабіста. Прыкладна столькі чалавек адзначылі, што выкарыстанне эмодзі пазітыўна адбіваецца на іх ментальным здароўі.
Хант дадаў, што эмодзі дапамагаюць знаёміцца анлайн і аблягчаюць пераадоленне моўнага бар'ера. Дарэчы, з апошнім сцверджаннем пагадзіліся 89 адсоткаў удзельнікаў апытання. Акрамя таго, 71 адсотак рэспандэнтаў пацвердзіў, што эмодзі паляпшаюць адносіны з калегамі на працы і атмасферу ў калектыве.
У даследаванні прынялі ўдзел сем тысяч чалавек з ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Японіі, Аўстраліі і Паўднёвай Карэі. Апытанне праводзілася ў рамках Сусветнага дня эмодзі, які святкуецца 15 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.