Маці былога пінскага суддзі дапытвалі пяць гадзін
Аляксей Пацко / nn.by
Допыт Таццяны Пацко, маці былога суддзі Пінска і Пінскага раёна Аляксея Пацко, доўжыўся каля пяці гадзін, паведамляе TUT.BY са спасылкай на блізкіх сям'і.
Жанчыну дапытвалі ў межах крымінальнай справы, заведзенай у дачыненні да яе сына. Аляксею Пацко інкрымінуюць "падробку нейкіх дакументаў".
"Ведаем толькі, што з канцылярыі па крымінальных справах Пінскага суда канфіскавалі ўсе крымінальныя справы, якія ён вёў", — расказалі журналістам сваякі Пацко.
Напярэдадні стала вядома, што сілавікі прыйшлі з ператрусам дадому і на працу да Пацко. Сёння высветлілася, што ператрусы прайшлі таксама ў кватэры яго сястры і маці. Сілавікі канфіскавалі тэхніку.
Самога Аляксея не заспелі. Некалькі дзён таму, прадбачачы такое развіццё падзей, ён з'ехаў з Беларусі.
Апошні час Пацко працаваў памочнікам адваката. З суда ён звольніўся адразу пасля выбараў — 10 жніўня адмовіўся судзіць затрыманых па адміністрацыйных справах.
"Прыняў такое рашэнне яшчэ да выбараў... Прычынай стала палітычнае становішча ў краіне, тое, што адбываецца цяпер", — тлумачыў ён свой учынак "Нашай Ніве". Пры гэтым ужо тады казаў, што гатовы "да любых наступстваў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.