“Маці я ніколі не адмаўляю”: кіраўнік МУС сустрэўся з лідаркай руху “Маці-328”
5 ліпеня новы кіраўнік МУС Юрый Караеў сустрэўся з лідаркай “Матчынага руху 328” Ларысай Жыгар. Яна распавяла міністру пра ўмовы ўтрымання асуджаных па антынаркатычным артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі і пра тое, якіх змен у заканадаўства цяпер дамагаюцца бацькі, якія ўваходзяць у рух.
“У новага міністра ёсць жаданне разабрацца ў сітуацыі, — распавяла Еўрарадыё пасля сустрэчы Ларыса Жыгар. — Сустрэча была мэтанакіраванай наконт 328 артыкула [Крымінальнага кодэкса]. Закранулі тэму пра змягчэнне чацвёртай часткі артыкула. Я падняла пытанне “зялёных нашывак”, якія носяць асуджаныя па 328. Міністр паабяцаў разабрацца. У асноўным пытанні датычыліся ўмоў утрымання”.
Ларыса Жыгар дадае, што засталася задаволенай размовай з Юрыем Караевым. Жанчына прапрасіла ў міністра сустрэцца з іншымі бацькамі, чые дзеці сядзяць па “наркатычным” артыкуле. “Маці я ніколі не адмаўляю”, — адказаў міністр.
“Матчын рух 328” — гэта аб’яднанне бацькоў, якія змагаюцца за правы асуджаных за незаконны абарот наркотыкаў. Першапачаткова сябры руху патрабавалі перагляду спраў сваіх дзяцей. На іх думку, следства неабгрунтавана кваліфікавала іх учынкі па больш цяжкіх частках 328-га артыкула, чым належала.
З часам патрабаванні бацькоў пашырыліся да змен у антынаркатычнае заканадаўства. Пад іх уплывам Палата прадстаўнікоў сёлета прыняла змены ў Крымінальны кодэкс: ніжні парог пакаранняў па 2-й і 3-й частках артыкула 328 быў зменшаны на два гады.