Мацкевіч: “Белая Русь” стварыла б праблемы нават пасля перамогі дэмакратыі

Шклоўская арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" выступіла з прапановай пераўтварэння гэтай структуры ў палітычную партыю. Яе ўжо падтрымала Магілёўская абласная арганізацыя, цяпер слова за Мінскам. Еўрарадыё паразмаўляла пра перспектыву з'яўлення праўладнай партыі з аналітыкам Уладзімірам Мацкевічам.

Еўрарадыё: Пра тое, што “Белая Русь” стане партыяй, гаварылася, бадай, усе чатыры апошнія гады, ад часу яе заснавання як грамадскага аб’яднання. Чаму менавіта цяпер гэта можа стаць рэальнасцю?
110826 MackevichS.mp3
Уладзімір Мацкевіч: Я не думаю, што гэта можа стаць рэальнасцю цяпер, як гэта не стала рэальным і раней. У сённяшняй палітычнай сітуацыі гэта не актуальна і гэта хутчэй рэінкарнацыя старых планаў, якія наўрад ці жыццяздольныя ў бліжэйшым будучым.

Еўрарадыё: Чаму, на ваш погляд, гэтая ідэя ўжо неактуальная? Гэта мажліва звязана з няпростай эканамічнай сітуацыяй, недахопам грошай на новыя палітычныя праекты?

Уладзімір  Мацкевіч: У першую чаргу гэта звязана з цяжкім эканамічным становішчам краіны. Па-другое, такія рэчы робяцца ў процівагу апазіцыйным захадам, а сённяшнія апазіцыйныя захады патрабуюць іншых дзеянняў. Я маю на ўвазе ў першую чаргу гэтыя стратэгічныя размовы пра перамовы з уладамі, на якіх ніякія “Белыя Русі” і іншыя марыянеткавыя структуры не будуць легітымнымі. Перамовы будуць весціся ад грамадзянскай супольнасці апазіцыяй толькі з кіруючым рэжымам. Ёсць дадатковы момант, звязаны з ініцыятывай Народнага сходу. І тут трэба з боку рэжыму рабіць нейкія іншыя захады, а не ствараць “Белую Русь”. Яны зараз прапанавалі нейкі "Усебеларускі з’езд патрыятычных сілаў" у процівагу Народнаму сходу — гэта ў бліжэйшай перспектыве больш актуальна, чым пераўтварэнне “Белай Русі” ў кіруючую партыю.

Еўрарадыё: Тым не менш, набліжаюцца парламенцкія выбары. І калі ўсё ж будзе створана партыя “Белая Русь”, хто мог бы стаць яе старшынём? На ваш погляд, нейкі шэры чыноўнік ці больш-менш пазнавальная асоба?

Уладзімір Мацкевіч: У рэжыма такая тактыка і стратэгія, што ён сам баіцца прызначаць на пэўныя пасады публічную фігуру нейкую. Звычайна, гэта нейкі шэры чыноўнік кшталту Макея ці Радзькова, якога прапанавалі кіраўніком “Белай Русі”. Думаю, што Радзькоў найбольш можа задаволіць Адміністрацыю прэзідэнта і самога Лукашэнку ў такой якасці.

Еўрарадыё: Калі сапраўды да парламенцкіх выбараў створыцца партыя “Белая Русь”, якія тэмы яна будзе закранаць? Ці яе праграма будзе розніцца ад рыторыкі Лукашэнкі, ці яна будзе цалкам паўтараць пункты яго праграмы?

Уладзімір Мацкевіч: Думаю, што нічога новага яна сказаць не зможа, бо ўсе праўладныя структуры фармуюцца без ініцыятыўных людзей.

Іншая справа, калі рыхтаваць “Белую Русь” як праўладную партыю для сітуацыі пасля перамогі дэмакратыі ў Беларусі — вось гэта найбольш небяспечна. Бо калі дэмакраты прыйдуць да ўлады, то яны ж не будуць гвалтоўна зачыняць пралукашэнкаўскія структуры, што застануцца. І вось такая партыя можа ствараць праблему, калі дэмакратыя ў Беларусі пераможа.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі