Мацкевіч: Нашых студэнтаў не навучаць перадавым тэхналогіям у ЕўрАзЭС
Эксперт па адукацыі Святлана Мацкевіч распавяла, навошта нам "клон "Эразмуса" і чаму можна навучыцца ва ўніверсітэтах ЕўрАзЭС.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч выступіў ініцыятарам абмеркавання на бліжэйшай сустрэчы Рады па адукацыі пры інтэграцыйным камітэце Еўразійскай эканамічнай супольнасці пытання аб "павелічэнні праграм студэнцкага абмену". Міністр адзначыў, што "студэнцкі абмен — гэта сусветная тэндэнцыя, у ім няма нічога дрэннага. Ён толькі пашырае далягляд".
Еўрарадыё: Нашто нашай краіне такая праграма, калі беларусы і так могуць бясплатна навучацца ў Расіі?
Святлана Мацкевіч: Гэтая праграма — адзіны спосаб беларускай сістэме адукацыі ўступіць у Балонскі працэс. Расія і шэраг іншых краін Еўразійскай прасторы ўступілі ўжо ў Балонскі працэс. Таму Беларусі, каб увайсці ў сістэму еўрапейскай адукацыі, неабходна рабіць такія захады. І клон “Эразмус” і ёсць чарговы крок у гэтым накірунку.
Еўрарадыё: То бок, гэта — інтэграцыя з Еўропай?
Святлана Мацкевіч: Так. Еўропа дала Беларусі тры гады на такія крокі. Беларусь павінна дэманстраваць гэтую волю. А пакуль мы выкарыстоўваем тыя магчымасці, якія ў нас ёсць.
Еўрарадыё: Ці добра, што студэнты змогуць ездзіць ва ўсходнім кірунку?
Святлана Мацкевіч: Вядома. Кожная праграма студэнцкага абмену будзе спрыяць развіццю вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Але лепей было б арыентавацца на еўрапейскую прастору, а не на еўразійскую. Такая сусветная тэндэнцыя: перадавыя тэхналогіі, перадавыя ўзоры прафесійнай дзейнасці выходзяць з Еўропы. Калі Беларусь, будучы ў цэнтры Еўропы, высылае сваіх студэнтаў на ўсход, то мы не атрымліваем тых перадавых тэхналогій і ўзораў.
Еўрарадыё: А што могуць адтуль пераняць нашы студэнты?
Святлана Мацкевіч: Гэта будзе толькі частковая мера, бо ўсе краіны ЕўрАзЭС працягваюць традыцыі савецкіх часоў. Там хутчэй ідзе тэндэнцыя кансервацыі і стагнацыі. Таму — што нашы студэнты там змогуць атрымаць? Яны змогуць толькі ўмацоўваць тэндэнцыю стагнацыі і падмацоўвання адно аднаго, што нібы ў нас усё добра. Адзінае, чаму там можна навучыцца, — гэта разважаць над крызісам адукацыі і супольна з яго выходзіць, але арыентацыі і ўзоры мусяць брацца ў еўрапейскай сістэмы. Трэба канкураваць з тым, што на планку вышэй за нашае. Калі мы да гэтага імкнёмся, мы зможам развівацца.
Еўрарадыё: А калі б у студэнтаў быў выбар, куды ехаць: ці ў Еўропу, ці на Усход — што б яны выбіралі?
Святлана Мацкевіч: На мой погляд, наш беларускі студэнт хутчэй арыентуецца на Захад. Гэта правільна. Цяпер дзяржава дэманструе сваю палітыку, яна не заўжды адпавядае жаданням студэнтаў ці таму, што хоча насельніцтва.