“Мадэратарам дыялога ў Беларусі магла б стаць Святлана Алексіевіч”

“Мадэратарам дыялога ў Беларусі магла б стаць Святлана Алексіевіч”

Нацыянальны дыялог: удзельнікі, парадак дня і навошта ён патрэбны — прадмет дыскусіі ў межах сумеснага праекта ePramova і Еўрарадыё з удзелам шэф-рэдактара газеты “Наша ніва” Андрэем Дынько, дырэктара Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў Аляксандра Дабравольскага і кіраўніка незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст Паўлюк Быкоўскі.

Ідэя нацыянальнага дыялогу, якую агучыў галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч пасля прыватнай сустрэчы з Лукашэнкам, мае сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў. Некаторыя бачаць у ім аналаг круглага стала ў Польшчы і разважаюць, ці хапае ўплыву беларускай апазіцыі, каб кіруючы рэжым лічыў яе партнёрам па перамовах.

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся адносна неабходнасці дыялогу, але адзначылі цэлы шэраг праблем, якія замінаюць яго пачаць. Так, Аляксандр Дабравольскі спаслаўся на распаўсюджаную ў грамадстве пазіцыю непрымання чужога меркавання. Таму, паводле Дабравольскага, перадумовай нацыянальнага дыялогу мусіць стаць прызнанне, “што хтосьці іншы таксама можа быць разумным”.

У сваю чаргу, Алесь Бяляцкі сфармуляваў гэтую праблему, як адсутнасць у Беларусі станоўчага досведу дыялогу палітычнай апазіцыі і ўладаў. Удзельнікі дыскусіі разважалі пра тое, што перадумовай дыялогу мусіць зрабіцца стварэнне адпаведнай атмасферы.

Паводле Дабравольскага, гаворка вядзецца не толькі пра апазіцыю: “Гэта могуць быць і аналітычныя цэнтры, і грамадзянская супольнасць. Гэта тыя людзі, якія з'яўляюцца контрэлітай”. На яго думку, яны яшчэ не могуць заявіць сябе як моцная сіла, “але яны ўзнікнуць як моцная сіла ў хуткім часе таму, што сітуацыя патрабуе гэтага — і эканамічна, і знешнепалітычна”.

Андрэй Дынько выказаў меркаванне, што ідэя круглага стала — прадухіліць нагоды для з’яўлення замежных гульцоў у Беларусь. Адпаведна, мадэратарам дыялогу мусяць быць уласнабеларускія сілы. Дынько нагадаў, што ў Польшчы ў свой час такую ролю выканаў касцёл.

“Але я бачу адну фігуру, напрыклад, якая сёння можа прыйсці і стаць мадэратарам — гэта адзіная ў краіне нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч”, — сказаў Дынько. Ён ахарактарызаваў Алексіевіч як вельмі сумленнага чалавека, якому ўсе могуць давяраць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі