Макей: Такія інцыдэнты, як у Керчанскім праліве, прыводзілі да сусветных войнаў
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паўдзельнічаў у сустрэчы Савета міністраў замежных спраў дзяржаў-удзельніц АБСЕ ў Мілане. У сваёй прамове ён гаварыў па праблемы ў Еўропе, пра тое, што АБСЕ "застаецца закладнікам геапалітыкі". Згадаў Макей і пра сітуацыю ва Украіне.
"Урэгуляванне ўкраінскага канфлікту — ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе, — цытуе словы міністра прэс-служба МЗС. — Некаторыя нават кажуць, што Данбас — гэта пытанне палітычнага парадку ў Еўропе. На жаль, апошнія падзеі выклікаюць сур'ёзную заклапочанасць. З інцыдэнтам у Керчанскім праліве мы наблізіліся да надзвычайна небяспечнай рысы — паўнамаштабнага канфлікту. Гэта "чырвоная лінія". За ёй — "кропка незвароту". Мы ведаем занадта добра з гісторыі, што ў мінулым падобныя інцыдэнты прыводзілі да сусветных войнаў".
Уладзімір Макей нагадаў, што Беларусь працягвае рабіць захады па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны. Як вядома, у Мінску праходзяць пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы. Улады Беларусі "гатовы канструктыўна падключацца да ўсіх сур'ёзных сцэнароў урэгулявання гэтага канфлікту", сказаў міністр.