Макей заклікаў ААН да неразмяшчэння ракет малой і сярэдняй далёкасці ў Еўропе

Макей заклікаў ААН да неразмяшчэння ракет малой і сярэдняй далёкасці ў Еўропе

Беларусь заклікае неадкладна пачаць распрацоўку дэкларацыі, якая б забараняла размяшчэнне ракет малой і сярэдняй далёкасці ў Еўропе. Пра гэта міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей заявіў з трыбуны ААН 26 верасня, паведамляе прэс-служба МЗС. 

Беларускі дыпламат нагадаў, што ў жніўні спыніла сваё дзеянне Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Гэты дакумент быў адным з найважнейшых сімвалаў заканчэння "халоднай вайны".

"Паўстала рэальная пагроза з'яўлення такіх ракет, з падлётным часам у некалькі хвілін, у розных рэгіёнах свету, у тым ліку ў Еўропе. Гэта непазбежна пацягне за сабой далейшы рост напружанасці, новы віток палітычнай і ваеннай канфрантацыі, павышэнне рызыкі ядзернага апакаліпсісу. Менавіта таму мы выступаем за неадкладныя сумесныя дзеянні па захаванні дасягненняў ДРСМД у нашым агульным доме - на еўрапейскім кантыненце", — заявіў Макей.

Міністр прыгадаў нядаўнюю канферэнцыю высокага ўзроўню "Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій", якая прайшла 3-4 верасня ў Мінску. Падчас гэтага мерапрыемства кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што наша дзяржава не мае намеру вырабляць або размяшчаць такія ракеты, калі яны не будуць пагражаць нашай бяспецы.

Ад імя Беларусі Макей з трыбуны ААН прапанаваў неадкладна пачаць працу па падрыхтоўцы праекта дэкларацыі па неразмяшчэнні ракет малой і сярэдняй далёкасці ў Еўропе. У якасці пляцовак для перамоваў ён назваў ААН і АБСЕ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі