Малапавярховыя дамы на мінскай "Розачцы" ўсё ж вырашылі зносіць

Малапавярховыя дамы на мінскай "Розачцы" ўсё ж вырашылі зносіць

Адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска падвяла вынікі грамадскага абмеркавання рэканструкцыі раёна вуліцы Розы Люксембург. 

Гаворка ідзе пра раён паміж праспектам Дзяржынскага і вуліцай Харкаўскай. Ён забудаваны невысокімі двух-трохпавярховымі дамамі. Да 2030 года плануецца іх знесці (агулам 1587 кватэр агульнай плошчай 61,2 тыс. кв. м). Частка мясцовых жыхароў падтрымала планы зносу, але шмат хто выступіў супраць прымусовага рассялення невядома куды. 

У Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама вырашылі, што малапавярховыя дамы ў гэтым раёне не ўяўляюць вартасці для горада і займаюць каштоўную ў горадабудаўнічым сэнсе тэрыторыю, піша onliner.by. Знос гэтых будынкаў быў зацверджаны яшчэ папярэднімі рэдакцыямі генплана Мінска. 

Архітэктары прапануюць аддаць тэрыторыю аднаму буйному забудоўшчыку. У раёне мяркуецца пабудаваць новае жыллё, а таксама два дзіцячыя садкі, дзве школы, паліклініку, грамадска-жылы комплекс і ФАК. Пяціпавярховікі, узведзеныя ў гэтым раёне, захаваюць і капітальна адрамантуюць. 

Да 2030 года жыллёвы фонд раёна павялічыцца прыкладна на 3633 кватэры. Такім чынам "Розачку" давядуць да паказчыкаў высакашчыльнай забудовы.

У выніковым пратаколе камісіі па выніках грамадскага абмеркавання адзначана, што паступілі два калектыўныя звароты: за рэалізацыю праекта выказаліся 74 чалавекі, супраць — 51. У часопісе заўваг і прапаноў зроблена 37 запісаў: 14 — супраць праекту (180 подпісаў), а 23 запісы — з рознымі заўвагамі па праекце.

Канчатковае рашэнне наконт лёсу раёна прыме горадабудаўнічы савет пры галоўным архітэктары Мінска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі