Марына Золатава абураная абвінавачваннямі СК у "банальным хакерстве"
Галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава адрэагавала на словы прадстаўніцы Следчага камітэту наконт таго, што ў "справе "БелТА" няма ніякай палітыкі, і што гэта "банальнае хакерства", а таксама на прэс-рэліз СК, які з'явіўся наўздагон. На паседжанні Камітэта ААН па правах чалавека, дзе Беларусь адчытвалася аб захаванні правоў чалавека, Галіна Суздальцава адказвала на пытанні сяброў камітэта, пацвердзіўшы, што "справа "БелТА" сапраўды маецца", і што фігуранты могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Марына піша, што ў Крымінальным кодэксе РБ няма паняцця "хакерства", адпаведна, гэты тэрмін не мае дачынення да арт.349 ч.2 КК. Да таго ж гэты артыкул, які інкрымінуюць "фігурантам", не прадугледжвае меры ўтрымання ў выглядзе затрымання. Тым не менш яны былі змешчаны пад варту, некаторыя з іх правялі на Акрэсціна суткі.
Таксама галоўная рэдактарка TUT.by ў адказ на абвінавачванні СК тлумачыць, што ніколі не заходзіла на сайт "БелТА" па чужым паролі, што ніколі ніводная навіна "БелТА" за перыяд, які раследуецца СК, не з'явілася на сайце раней, чым у адкрытым доступе, і што на TUT.by не была апублікаваная ніводная навіна, даступная толькі па падпісцы "БелТА".