Марыне Літвінчук да алімпійскага медаля не хапіла 102 тысячных секунды (фота)
Марыне Літвінчук не хапіла да медаля Алімпіяды ў Рыа 102 тысячных секунды! Беларуская вяслярка выступала на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 метраў. Упэўнена перамагла Данута Козак з Венгрыі — 1:52.494. Яшчэ тры вясляркі, у тым ліку і беларуска, скончылі заплыў адначасова. Для вызначэння ўладальніц срэбра і бронзы спатрэбіўся фотафініш. На жаль, Марына Літвінчук заняла толькі чацвёртае месца. Яна саступіла Лізе Гарынгтан з Новай Зеландыі, у якой трэцяе месца, і Эме Ёргенсэн з Даніі, у якой другое месца.
У Рыа беларускай вяслярцы Літвінчук не хапіла да медаля 42 см
У Рыа Літвінчук выступала таксама разам з Надзеяй Ляпешка ў фінале байдарак-двоек на 500-метровай дыстанцыі, дзе было толькі 6-е месца. Таксама на Алімпіядзе на дыстанцыі 500 метраў выступіць беларуская байдарка-чацвёрка (Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева, Надзея Ляпешка, Вольга Худзенка).
Марыне Літвінчук 28 гадоў. Яна ўраджэнка вёскі Сотнічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Веславаннем займаецца з сямі гадоў, спачатку акадэмічным, а пасля — на байдарках і каноэ. Да 2012 года выступала пад сваім дзявочым прозвішчам Палтаран. У шлюбе з беларускім вясляром Артурам Літвінчуком, алімпійскім чэмпіёнам, жыве ў Мазыры.
Літвінчук — універсальная спартсменка. "Магу ехаць любую дыстанцыю ад "двухсоткі" да пяці кіламетраў, — неяк распавядала спартсменка, адказваючы на пытанне, чаму яе называюць "жалезнай лэдзі". — І на дыстанцыі стараюся нікога не падвесці — ні каманду, ні сябе, ні бацькоў".
На Алімпіядзе 2012 года ў складзе байдаркі-чацвёркі на дыстанцыі 500 метраў Марына стала бронзавым прызёрам.