Матолька: Ніхто не хоча інфармацыйнай вайны з МУС — крытыкай мы хочам дапамагчы

Матолька: Ніхто не хоча інфармацыйнай вайны з МУС — крытыкай мы хочам дапамагчы

Відэа затрымання ў ноч на 27 траўня супрацоўнікамі міліцыі і метрапалітэна хлопца ў сталічным метро чарговым разам стала нагодай для абмеркавання ў сацсетках метадаў, якімі карыстаюцца праваахоўнікі. Удзел у дыскусіі ўзялі і вядомы блогер ды фатограф Антон Матолька і кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч, які дазволіў сабе даволі абразлівыя выказванні ў адрас Матолькі. Што, на думку апошняга,  яшчэ больш псуе і так не вельмі добры імідж усёй беларускай міліцыі.

Па словах Антона Матолькі, у яго жаданні разабрацца, што на самай справе адбылося на станцыі Кастрычніцкая мінскага метро, не было жадання распачаць “інфармацыйную вайну” супраць МУС. Толькі жаданне разабрацца ў сітуацыі і атрымаць тлумачэнні ад афіцыйных асоб.

Матолька: “Проста каментарыяў на такія негатыўныя гісторыі ў стылі “мы ўсё зрабілі правільна, па законе, і ўвогуле вы ўсе не маеце рацыі, а мы маем” ужо не працуюць. Нават калі вы маеце рацыю — патлумачце, чаму. Пагаварыце з людзьмі, правядзіце сустрэчы. Не трэба рэагаваць на крытычныя заўвагі так, нібыта вакол ворагі. Гэта не ворагі — гэта людзі, якія вам падказваюць. І дапамагаюць убачыць мінусы ў сістэме, якія на дадзены момант, на жаль, існуюць. І іх яшчэ вельмі шмат. Давайце супрацоўнічаць: з гэтымі блогерамі-фатографамі, якіх вы вельмі не любіце, са СМІ, якія вас крытыкуюць. Бо мы крытыкуем не для таго, каб вас знішчыць ці яшчэ што. Проста мы ўсе хочам жыць у прававой дзяржаве і каб міліцыя выклікала павагу”.

29 траўня ГУУС Мінгарвыканкама распаўсюдзіла відэа з камер назірання метро і свой каментарый паводле затрымання ноччу 27 траўня хлопца супрацоўнікамі міліцыі і службы аховы метрапалітэна. Па версіі ГУУС, міліцыянт спыніў юнака і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо п'яным забаронены праезд у метро. Яны падняліся ў вестыбюль, аднак сыходзіць са станцыі хлопец адмовіўся.

Паведамляецца, што юнак пачаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі для разбору. Пры гэтым ён траўмаваў міліцыянта — закрыты пералом костак носа. Хлопца даставілі ў пакой міліцыі, а потым — у аддзяленне таксікалогіі лякарні хуткай меддапамогі. Спярша яму паставілі дыягназ "алкагольнае ап'яненне, наркатычнае атручванне", а потым дыягназ удакладнілі — "алкагольнае атручванне". На затрыманага хлопца завялі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Антон Матолька, выкладаючы відэа затрымання на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, задаваў толькі адно пытанне: пра прафесійную прыдатнасць міліцыянераў і супрацоўнікаў службы аховы, якія не маглі ўчатырох затрымаць хлопца без таго, каб і самім не пацярпець, і яго не збіваць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі