Майдан: як 17-гадовы студэнт кіруе 4 тысячамі валанцёраў

У захоплены будынак Кіеўскай гарадской адміністрацыі прыходжу з мэтай знайсці цікавую асобу для матэрыяла. Пытаюся пра яе ў грамадскай дэпутацкай прыёмнай. Адразу чую: “Ідзіце вунь да таго хлопца, дзе валанцёраў запісваюць, ён вам патрэбны”. Андрэю Коўду, як ён прадстаўляецца, усяго 17 гадоў. Кіруе працай амаль чатырох тысяч валанцёраў. Гаворыць, што захацелася “дапамагчы рэвалюцыі”.

“Проста захацелася дапамагчы людзям і рэвалюцыі. Зараз я вучуся на спецыяльнасці артыст-вакаліст, гэта мая будучая прафесія. У вольны час дапамагаю. Але як трэба, то ўцякаю з заняткаў”, — сціпла пачынае Андрэй.

Хлопец расказвае, што прыйшоў у будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі пасля таго, як пачуў пра яго захоп. І неяк так спадабалася тут усё, што застаўся спачатку на дзень, а потым і больш. Дагэтуль ён зусім не цікавіўся палітыкай. Гаворыць, што і зараз не збіраецца — прываблівае менавіта рэвалюцыя, а не палітыка.

Затым чую пра амаль сотню валанцёраў, якія прыходзяць працаваць у будынак адміністрацыі штодня. А таксама пра чатыры тысячы чалавек, якія пакінулі свае кантакты ў штабе валанцёраў захопленай мэрыі. З іх Андрэй штодня выбірае самых патрэбных. Гаворыць, што працуе каля 12 гадзін на суткі.

“У прынцыпе, я тут з 10-й гадзіны раніцы да 10-й вечара. Калі трэба, то і кругласуткава бываю, начую. Бываюць такія выпадкі. Зранку прыходжу, раблю абход, пытаюся, дзе патрэбныя людзі. Калі на кухні — туды накіроўваю валанцёраў, калі на прыёме рэчаў — то туды. Дамаўляюся таксама, каб маіх людзей прапускалі. Бэйджы выдаю, розныя арганізацыйныя пытанні вырашаю”.

Кіеўская мэрыя зараз фактычна падзеленая на дзве часткі. Першыя тры паверхі з вялікай залай для цырымоній — ва ўладзе рэвалюцыянераў. Яшчэ пяць паверхаў засталіся пад кантролем супрацоўнікаў — туды пускаюць толькі па адмысловых пропусках. Рэвалюцыянеры выкарыстоўваюць будынак для сваіх ўласных мэтаў. Збольшага ў якасці месца адпачынку прыезджых. Таксама тут размяшчаецца пункт медычнай дапамогі, пункт збору ахвяраванняў “на рэвалюцыю”, невялікая кухня. Андрэй расказвае, што збольшага атрымліваецца спраўляцца дзякуючы ўдзелу простых кіеўлян, без дапамогі палітычных партый.

“Ежу, рэчы, медыкаменты звычайна прыносяць кіеўляне. Шмат прыносяць. Грошы пералічваюць нам на рахунак з розных краін. Нават з Аўстраліі нядаўна пералічылі. На іх купілі ежу. Яе мы часткова тут гатуем, часткова на прыватных кватэрах”.

Пытаюся, ці не баіцца хлопец за сваю будучыню. Могуць жа і з універсітэта выгнаць, і нават за краты пасадзіць. Пытанне Андрэй разумее не адразу. Гаворыць, што адзіная праблема, якая яго зараз хвалюе, — пропускі заняткаў. Але і гэта вырашальна — выкладчыкі ахвотна закрываюць на іх вочы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі