"Мазахізм" і "ў нас не "Тытанік": Зяленскі аб вучэннях у Беларусі і дыпламатах

Уладзімір Зяленскі / Reuters
Уладзімір Зяленскі / Reuters

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што верагоднасць ўварвання Расіі ва Украіну застаецца высокай. Ён раскрытыкаваў расійска-беларускія вайсковыя вучэнні і адзначыў, што Расіі варта дэманстраваць канкрэтныя крокі, якія падмацоўваюць заявы аб тым, што Крэмль за мінскія перамовы.

Навошта такая колькасць вайскоўцаў, навошта праводзіць так часта вучэнні? Навошта вучэнні менавіта тут, на гэтых межах. Вы ж разумееце, што гэта рызыкі, гэта не бяспечна, можа быць правакацыя. Нават калі ты не збіраешся, для чаго ты гэта робіш? Запалохваць? Што гэта за мазахізм? Што хтосьці баіцца? — сказаў Зяленскі на прэс-канферэнцыі з замежнымі СМІ.

Кіраўнік Украіны зноў заклікаў не панікаваць і адзначыў, што замежным дыпламатам не варта пакідаць Украіну.

Я лічу, што пасольскія работнікі і дыпламаты павінны быць тут. Гэта капітаны дыпламатыі. Прадстаўнікі сваіх дзяржаў, і мы ведаем, што апошнімі капітаны пакідаюць карабель. А я лічу, што ў нас не "Тытанік". Украіна ідзе наперад, — падкрэсліў Зяленскі.

У той жа час ЗША адправяць вайскоўцаў у краіны Усходняй Еўропы, якія ўваходзяць у НАТА. Аб гэтым заявіў Джо Байдэн. У якія канкрэтна краіны будуць адпраўленыя войскі, Байдэн не ўдакладніў, але адзначыў, што іх будзе "не вельмі шмат".

А Расія даставіла медыцынскія падраздзяленні да мяжы з Украінай, піша The Wall Street Journal.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі