МДІМА, арабы і ракеты: што вядома пра новага прэм'ер-міністра Беларусі

Раман Галоўчанка з дакладам у Лукашэнкі / БЕЛТА
Раман Галоўчанка з дакладам у Лукашэнкі / БЕЛТА

4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка аб'яўляе новы склад урада, які днямі адправіў у адстаўку. Прэм'ер-міністрам становіцца Раман Галоўчанка, які да гэтага ўзначальваў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.

Да гэтай этапнай падзеі ў яго кар'еры пераплятаюцца два кірункі: дыпламатычны і сілавы. Мы сабралі інфармацыю пра новага беларускага прэм'ера.

МГИМО, арабы и ракеты: что известно о новом премьер-министре Беларуси
Раман Галоўчанка / БЕЛТА

Раману Галоўчанку 46 гадоў. Ён нарадзіўся 10 жніўня 1973 года ў Жодзіне.

У 1996 годзе скончыў МДІМА МЗС Расіі, пасля чаго трапіў... у Савет бяспекі Беларусі! З 1997 да 2005 года працаваў галоўным спецыялістам у сакратарыяце Савета бяспекі і намеснікам начальніка аддзела Генпракуратуры. Паралельна — у 2003 годзе — скончыў Акадэмію кіравання па эканамічнай спецыяльнасці.

З 2005 года пачынаецца дыпламатычны этап кар'еры Рамана Галоўчанкі. Спачатку ён пераходзіць у Адміністрацыю прэзідэнта на пасаду галоўнага саветніка ўпраўлення знешняй палітыкі. Потым вяртаецца ў Савет бяспекі, дзе займаецца міжнароднай бяспекай. У 2009 годзе на пяць месяцаў з'язджае працаваць за межы Беларусі — саветнікам-пасланнікам пасольства Беларусі ў Польшчы.

Снежань 2009 года — першае прышэсце Галоўчанкі ў Дзяржкамваенпрам. Дыпламат-сілавік прызначаны першым намеснікам старшыні камітэта.

З 2013 да 2018 года — зноў дыпламатычная праца. Гэтым разам — паслом у ААЭ і па сумяшчальніцтве ў Катары, Кувейце і Саудаўскай Аравіі. Паводле звестак аналітыкаў, Беларусь актыўна гандлюе з гэтым рэгіёнам зброяй і прадукцыяй двайнога прызначэння. Вядомы выпадак, калі ў 2016 годзе МЗКЦ атрымаў заказ на пастаўку цягачоў у ААЭ без тэндара.

У 2018 годзе Раман Галоўчанка вярнуўся ў Беларусь і ўзначаліў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт. "Асабістыя сувязі на Усходзе маюць вялікае значэнне для паспяховага супрацоўніцтва", — скажа ён у адным інтэрв'ю таго часу.

Зрэшты, дыпламату-сілавіку неаднаразова даводзілася адхрышчвацца ад абвінавачанняў у незаконным гандлі беларускай зброяй, якія гучаць у замежных СМІ.

"Ні адзін з гэтых укідаў не пацвердзіўся. Больш таго, нам прыносілі прабачэнні на афіцыйным узроўні, нават на ўзроўні Арганізацыі аб'яднаных нацый з гэтай нагоды", — казаў кіраўнік Дзяржкамваенпрама ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1".

4 чэрвеня 2020 года Раман Галоўчанка прызначаны прэм'ер-міністрам Беларусі.

Ён жанаты, мае сына і дзве дачкі. Валодае чатырма мовамі: арабскай, нямецкай, польскай і англійскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі