Мех: Пра ўдзел у выбарах я казаў, калі ў нашым руху яшчэ не было Някляева

Даведка Еўрарадыё: Аляксандр Мех нарадзіўся ў 1970 годзе, жыве ў Кобрыне, прыватны прадпрымальнік. У 2008-м быў звольнены з прадпрыемства “Белтрансгаз”, дзе працаваў інжынерам. Прычынай звальнення называе пераслед за свой удзел у якасці кандыдата ад Партыі БНФ у выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У 2009 годзе, пасля абрання старшынёй Партыі БНФ Аляксей Янукевіча, з партыі выйшаў. Цяпер намеснік лідара руху "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі"

У мінулы чацвер, 28 траўня, лідар новастворанага руху "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі" Уладзімір Някляеў заяўляе Еўрарадыё пра стаўленне да свайго удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах: Асабіста я мяркую, што лепш не ісці”, — і да ўдзелу ў іх руху: “Рух будзе займацца толькі ідэяй незалежнасці і дзяржаўнасці, а не тымі задачамі, якія ставяць перад сабой электаральную кампанію партыі. Хутчэй за ўсё мы будзем ісці паралельна з гэтай электаральнай кампаніяй”.

А ўжо на наступны дзень мы даведваемся, што прэзідэнцкія амбіцыі і планы на ўдзел у выбарах мае… новы намеснік Някляева ў новым руху Аляксандр Мех! Так хто каго ўвёў у зман, Някляеў Еўрарадыё ці сябры руху на чале з Мехам самога Някляева?

Еўрарадыё: Мне цікава: ініцыятыва наконт вашага вылучэння кандыдатам у прэзідэнты — ваша індывідуальная ці падтрыманая сябрамі "За незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі"?

Аляксандр Мех: Справа ў тым, што яшчэ ў снежні мы абвясцілі “Беларускі народны рух” за незалежнасць. Былі выпрацаваныя канцэпцыя і шэраг праграм. І там агучваліся тры ўмовы нашага ўдзелу ў выбарах: вызваленне ўсіх палітвязняў, празрыстае фармаванне выбарчых камісій і адсутнасць прозвішча Лукашэнкі ў падпісных лістах і бюлетэнях.

Еўрарадыё: Ні адна з трох умоў не выкананая, каб заяўляць пра свой удзел у выбарах…

Аляксандр Мех: Сёння ёсць магчымасць усім кандыдатам, якія плануюць ісці на гэтыя выбары, выпрацаваць агульную стратэгію, абапіраючыся на тры гэтыя ўмовы. Такім чынам мы можам аб’яднаць людзей.

Еўрарадыё: Вернемся да пачатку: калі прагучалі словы пра ваш удзел у выбарах у якасці кандыдата, то можна казаць, што і ўвесь рух прыняў рашэнне наконт удзелу ў выбарах?

Аляксандр Мех: Рух ніякага канчатковага рашэння пакуль не прыняў. Пакуль што мы правялі толькі наступную працу: распрацавалі праграмныя дакументы, падрыхтавалі праграму кандыдата ў прэзідэнты. Пакуль наша задача — гэтую праграму агучыць. А далей будзе вырашацца, ці ісці нам на выбары і да якога моманту ісці, калі пойдзем.

Еўрарадыё: Але на чале з кім ісці на выбары, ужо, так разумею, вырашылі?

Аляксандр Мех: Не, гэтае пытанне не вырашалі, бо яшчэ не было першага пасяджэння.

Еўрарадыё: Вы мяне зусім заблыталі! Дык адкуль жа ўзялася інфармацыя, што гэтым кандыдатам будзеце вы?

Аляксандр Мех: Справа ў тым, што спадар Някляеў далучыўся на нашай ініцыятывы, нашай часткі руху, толькі тры тыдні таму. Ён агучыў свае ідэі, і мы аб’ядналі свае сілы. І гэты агульны рух толькі будуецца. Да нас дадаюцца іншыя людзі, іншыя структуры, і мы з усімі будзем размаўляць.

Еўрарадыё: Я пытаюся ў вас не пра тое, хто да вас далучаецца, а адкуль узяўся Мех-кандыдат.

Аляксандр Мех: Інфармацыя пра планы вылучацца кандыдатам з’явілася ў інтэрв’ю “Народнай волі”, якое бралі тры тыдні таму — перад нашым агульным сходам. Я ж кажу: у нас быў свой рух, і Някляеў проста да гэтай ініцыятывы далучыўся пазней.

Еўрарадыё: Сёння ёсць аб’яднаны рух і ёсць у ім апроч вас Някляеў — як сёння выглядаюць вашы прэзідэнцкія амбіцыі?

Аляксандр Мех: У мяне ёсць пазіцыя, якую я заўжды агучваю: тыя тры ўмовы. Агульнае пасяджэнне нашага руху, дзе пытанні ўдзелу ў выбарах будуць узнімацца, плануецца найбліжэйшым часам.

Еўрарадыё: Вы маральна настроіліся паспрабаваць сябе ў ролі кандыдата, і тут з’яўляецца Някляеў , які выказваецца супраць удзелу руху ў выбарах, — што на гэта скажаце?

Аляксандр Мех: Першае: усе гэтыя пазіцыі будуць узгодненыя. Другое: яны адна другой не перашкаджаюць. Цяпер ёсць магчымасць у розных прэтэндэнтаў высунуцца на пасаду кандыдата ў кандыдаты, прад’явіць свае праграмы, свае меркаванні.

Каб не быць галаслоўнымі, мы павінныя прапанаваць нейкія дзеянні, нейкія праграмы. І мы цяпер ездзім па рэгіёнах, паказваем тое, што ў нас з праграмы ёсць. Рыхтавалася яна шмат гадоў спецыялістамі ў галіне эканомікі, іншымі навукоўцамі. У нас ёсць з чым ісці да выбаршчыкаў, але рабіць гэта можна будзе толькі тады, калі гэтыя тры ўмовы будуць выкананыя. Думаю, што да гэтых умовах мы можам кансалідаваць і астатніх кандыдатаў.

Еўрарадыё: А калі не выканаюць тыя тры ўмовы?

Аляксандр Мех: Тады я буду звяртацца асабіста да ўсіх кандыдатаў з просьбай зняць свае кандыдатуры.

Еўрарадыё: Гатовыя адмовіцца ад сваіх амбіцый на карысць Някляева?

Аляксандр Мех: Справа ж не ў Меху і не ў Някляеву. Справа ў задачах, якія ставіць перад сабой рух. А гэта захаванне дзяржаўнасці і суверэнітэту. Другая мэта: каб арганізацыі, якія ставяць мэтай захаванне незалежнасці радзімы, з гэтых выбараў выйшлі не аслабленымі, а ўзмоцненымі.

Еўрарадыё: І якім жа чынам дамагчыся таго ўзмацнення?

Аляксандр Мех: Калі ставяцца агульныя задачы і не падстаўляюцца актывісты руху — такім чынам і ўзмацняецца. Цяпер ідзе нарастанне палітычнай актыўнасці, і да нас далучаецца вельмі шмат людзей. Якія раней не былі ні ў якіх палітычных кампаніях.

Еўрарадыё: Не думаю, што да руху яны далучаюцца таму, што хочуць падчас гэтых выбараў дасягнуць нейкіх палітычных мэтаў…

Аляксандр Мех: Безумоўна. І гэтая кампанія — рэч другасная. Трэба раздзяляць стварэнне руху і выбарчую кампанію. Бо рух, як мы спадзяемся, будзе існаваць і пасля выбараў.

Фота: svaboda.org, racyja.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі