Мэр Харкава абяцае аднавіць усе разбураныя ў горадзе помнікі Леніну
Пра гэта Генадзь Кернес заявіў у звароце да жыхароў гораду, які распаўсюдзіла прэс-служба гарадскога савету.
Кернес адзначыў, што за апошнія два дні ў Харкаве разбурылі тры манументы Леніну. “Так, для адных Ленін — сімвал таталітарызму. Для іншых — сімвал краіны, у якой яны пражылі большую частку свайго жыцця. Дрэннай ці добрай краіны — пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, што з гэтай краінай у іх звязаныя, напэўна, найлепшыя ўспаміны іх жыцця — першае каханне, нараджэнне дзяцей і многае іншае”, — адзначыў гарадскі галава.
Ён падкрэсліў, што Харкаў заўсёды быў талерантным горадам, і “тут стаяць побач помнікі героям рэвалюцыі 1917 года і манументы, якія з’явіліся ўжо ў незалежнай Украіне”.
“Я заклікаю ўсіх не ператвараць Харкаў у чарговую пляцоўку канфлікту. Думаю, што цяпер недарэчныя рэзкія акцыі. У суседніх абласцях ідуць сапраўдныя баявыя дзеянні. Там атрымліваюць раненні і гінуць нашы браты. А ў Харкаве ваююць з помнікамі. Думаю, што цяпер вам важна навучыцца разумець адзін аднаго такімі, якія мы ёсць. А мы — розныя. Кожны са сваімі перакананнямі, поглядамі, са сваім стаўленнем да гісторыі. Нам цяпер проста неабходна ўзаемапаразуменне. Шлях да яго доўгі і цяжкі, і на гэтым шляху няма месца разбурэнням. Няхай нават разбурэнням помнікаў, якія некаму не падабаюцца. А ўсе разбураныя помнікі мы адновім”, — сказаў Кернес.
Як паведамляе УНІАН, у ноч на 26 жніўня невядомыя адбілі галаву ў помніка Леніну, які стаіць у жылым раёне горада Харкава Баварыя.