"Мэтавая аўдыторыя — сілавікі" — што эксперты гавораць пра фільм АНТ

Кадр з назвай фільма, паказаны ў тэлеэфіры / youtube.com
Кадр з назвай фільма, паказаны ў тэлеэфіры / youtube.com

Увечары 31 сакавіка ў фільме "Аперацыя КДБ "Манкурты" на тэлеканале АНТ расказалі пра арышты ў сілавых органах. За краты трапілі падпалкоўнік КДБ і афіцэр Генштаба.

Фільм прысвечаны злівам тэлефонных размоў паміж прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант і яго памочнікам Мікалаем Латышонкам, а таксама старшынёй Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Баскавым. Улады абвясцілі размовы пастаноўкай, сфабрыкаванай для вылічэння "крата" ў сілавых структурах. Верыць гэтаму ці лічыць недарэчнай спробай КДБ апраўдаць свой правал — асабістая справа кожнага. Але эксперты ўбачылі ў фільме нашмат больш, чым хацелі паказаць улады.

Расказваем што.

"Рух за грамадзянскія правы мае падтрымку сярод афіцэрства"

Выданне "Наша Ніва" заўважае, што арыштам афіцэра Генштаба, які раскрыў планы сілавікоў на Дзень Волі, тэлеканал АНТ фактычна пацвердзіў, што рух за грамадзянскія правы мае падтрымку сярод афіцэрства.

“Целевая аудитория — силовики” — что эксперты говорят о фильме ОНТ

"60-хвілінная псіхалагічная аперацыя контрвыведкі"

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман піша, што, "калі кіраўніцтва сілавога блока вымушанае ісці і займаць прайм-тайм на АНТ, каб папрацаваць з лаяльнасцю супрацоўнікаў, не ўсё так гладка ў Дацкім каралеўстве". Маўляў, раз сілавікоў "даводзіцца палохаць" настолькі публічна, значыць, маштабы "падтрымкі сярод афіцэрства" вялікія.

Шрайбман мяркуе, што версія пра апраўданне гэтым фільмам правалаў спецслужбаў — "глыбока другасны момант". "Галоўным у гэтым "расследаванні" было тое, што яно само было 60-хвіліннай псіхалагічнай аперацыяй контрвыведкі, — піша палітычны аналітык. — Чырвонай ніткай праз увесь фільм ішоў меседж на адрас сілавікоў — калі здрадзіце нам, вас кіне гэты польскі пацан [Сцяпан Пуціла], а ў нас вы, як гэты капітан з Генштаба, будзеце плакаць пад камеру і чакаць сваіх 20 гадоў за дзяржаўную здраду".

"Запалохаць патэнцыйных інфарматараў"

"Адзіная мэта фільма — запалохаць патэнцыйных інфарматараў у спецслужбах страшным лёсам пасля затрымання, — піша Дзмітрый Гурневіч, журналіст "Радыё Свабода". — А далей усё як звычайна. Лукашэнка чарговы раз паверыць у змову сусветнай закулісы супраць яго, а Тэртэль атрымае ўзнагароду".

На яго погляд, у цэлым кіно атрымалася сярэднім. Асабліва "калі прыбраць з яго таямнічую музыку і закадравы голас а-ля Левітан". "Анансавалася ўсё як выкрыццё заходніх спецслужбаў, але доказы тут выключна ўскосныя, нуль канкрэтыкі, нуль фактаў з удзелам саміх гэтых спецслужбаў. Інакш як патлумачыць, што Макар нават не ў стане быў арганізаваць сустрэчу сваёй крыніцы на мяжы, праз якую яго перапраўлялі. Ён просіць проста пазваніць яму пры першай магчымасці. І такога ў фільме мора".

"Аўтары хацелі як лепш для сябе, а атрымалася як заўсёды. І ўсё гэта працягвалася 4 месяцы", — робіць выснову журналіст.

Мэтавая аўдыторыя — сілавікі

Публіцыст, палітолаг, заснавальнік выдання "Сильные новости" Пётар Кузняцоў згаджаецца з агульным меркаваннем, што ў прадукту дзяржаўнага тэлеканала мэтавая аўдыторыя — сілавыя службы, "прадстаўнікам якіх хочуць данесці, што ўсе будуць раскрытыя і звязвацца з "неверагоднымі" ні ў якім разе нельга". Ён лічыць важным заўважыць, што ўлада пачала выкарыстоўваць інфармацыйныя рэсурсы ў кааперацыі з сілавікамі. І з гэтага факта вынікаюць дзве высновы:

"Першая ў тым, што рэсурсаў на заахвочванне і пакаранне ўжо не хапае ў поўнай меры, каб цалкам кантраляваць сілавікоў і быць упэўненымі ў іх абсалютнай лаяльнасці. Груба кажучы, даць асабліва больш няма чаго, а перспектыва пакарання, як відаць, палохае да панікі далёка не ўсіх (і трэба папалохаць гучней — зноў жа, пераканаць).

Другая ў тым, што, як відаць, унутры ўлады з'явілася інфармацыя і "ашчушчэніе", што сярод супрацоўнікаў сілавых органаў колькасць хай не "чужых", але і ўжо не "сваіх", гэта значыць тых, хто сумняецца, толькі расце — менавіта з такімі працуюць на перакананне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі