Новы кіраўнік АГП: Партыя зробіць акцэнт на абароне прыватнай уласнасці

Новы кіраўнік АГП: Партыя зробіць акцэнт на абароне прыватнай уласнасці

Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі перакананы: іх партыя павінна перагледзець прыярытэтныя накірункі сваёй дзейнасці. Гэтым пераглядам Мікалай Казлоў і абяцае заняцца бліжэйшым часам. Пра гэта ён заявіў у эфіры Еўрарадыё.

“Напэўна ж, яны будуць, гэтыя змены. Бо не бывае ж двух аднолькавых людзей: Мікалай Казлоў — гэта не Анатоль Лябедзька, і ёсць рэчы, якія я буду рабіць па-іншаму. Будуць змяняцца падыходы адносна працы ў рэгіёнах. Да ўсяго, як мне падаецца, апроч праграмы “Мільён новых працоўных месцаў”, надышоў час засяродзіцца на абароне ўласнасці. Мы цяпер бачым проста цынічнае адбіранне ўладай уласнасці як ў грамадзян, так і ў прадпрымальнікаў. Спецдакладчык ААН па Беларусі неяк сказаў, што беларусы жывуць ва ўмовах рэпрэсіўных законаў. І гэтыя законы дазваляюць уладзе рабаваць законна. Законы неабходна змяняць”, — кажа Мікалай Казлоў.

Праўда, не ўдакладняе, якім чынам партыя плануе мяняць існуючыя законы. Здавалася б, прасцей за ўсё гэта зрабіць з дапамогай дэпутата ад АГП у Палаце прадстаўнікоў Ганны Канапацкай — праз унясенне змен у законы. Але справа ў тым, што, прызнаецца Мікалай Казлоў, шлях партыйнага дэпутата і яе партыя разышліся, паразумення паміж імі няма.

Нагадаем, 24 верасня стала вядома, што старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў  падаў у адстаўку, пратрымаўшыся на гэтай пасадзе ўсяго 2,5 месяца. Паводле Палякова, немагчымасць справіцца з праблемамі ў партыі, маштаб якіх ён сабе не ўяўляў да абрання, і сталі прычынай адстаўкі. Выканаўцам абавязкаў старшыні АГП быў абраны Мікалай Казлоў.

Па словах Казлова, праблемы ў АГП, якія прымусілі Палякова сысці ў адстаўку, нічым не адрозніваюцца ад праблем у іншых апазіцыйных партыях.

“Гэта тычыцца і функцыянавання ва ўмовах нашай краіны, яе карных законаў. Гэта тычыцца і фінансавання, падтрымання партыі ў працаздольным стане. Стандарны набор праблем. Плюс: чым больш партыя, тым больш праблем”.

Цалкам размову з Мікалаем Казловым можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі