Міліцыя пачала адсочваць тых, хто просіць грошы з партрэтамі дзяцей
Ад супрацоўнікаў МУС патрабуюць, каб яны дастаўлялі падазроных асоб у найбліжэйшыя аддзяленні.
Пасля шэрагу скандальных матэрыялаў у СМІ пра аферыстаў, якія збіраюць грошы нібыта на лячэнне сваіх хворых сваякоў, стала вядома і пра пэўную рэакцыю сталічнай міліцыі.
Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі адказаў на зварот Еўрарадыё. У дакуменце гаворыцца, што сапраўды апошнім часам такія выпадкі сталі больш частымі. З гэтай нагоды сталічная міліцыя ініцыявала дадатковыя меры па забеспячэнні правапарадку ў грамадскіх месцах.
“Пры абгрунтаваных падазрэннях супрацоўнікі дастаўляюць такіх людзей у бліжэйшыя аддзелы міліцыі для разбору абставін і дачы прававой ацэнкі”, — паведамляе Ластоўскі.
У сакавіку Еўрарадыё даведалася пра шэраг скандальных гісторый. Людзям паведамлялі пра невядомых, якія кленчылі грошы з партрэтамі іх дзяцей. Натуральна, бацькам сабраныя сумы ніхто не перадаваў.
Так, сям’я Іванцовых за руку злавіла адну са зламысніц. Спачатку парваахоўнікі адмовіліся пачынаць крымінальную ці адміністратыўную справу. Але пасля грамадскага розгаласу сям’і паведамілі, што матэрыялы на зламысніцу перадалі ў Следчы камітэт.
Цягам падрыхтоўкі сюжэтаў Еўрарадыё даведалася, што за адзін “выхад у люднае месца” махляр можа сабраць блізу 700 тысяч рублёў. Журналісты Еўрарадыё асабіста адфільмавалі жанчын, якія прасілі грошы з фотаздымкамі хворых дзяўчат і хлопцаў. Насамэч аказвалася, што жанчыны не маглі назваць нават імёнаў тых, для каго “збіралі грошы”.
Нягледзячы на “дадатковыя меры”, людзі працягваюць дасылаць у рэдакцыю Еўрарадыё усё новыя фотаздымкі асоб, што просяць грошы з партрэтамі дзяцей.
Субота 4-га сакавіка. Раён Серабранка ў Мінску. Пасля таго, як адна з грамадзянак зрабіла здымак, жанчына з "месца працы" хутка сышла
Жанчына трымае партрэт дзіцёнка ля супермаркета "Гіпа" у Баравой у аўторак 7-га красавіка