Міліцыя падчас II Еўрапейскіх гульняў пастараецца быць незаўважнай
У Спартыўнай вёсцы / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Беларуская міліцыя падчас II Еўрапейскіх гульняў пастараецца быць з замежнымі грамадзянамі ветлівай, карэктнай і, па магчымасці, незаўважнай. Пра гэта, наведваючы спартыўныя аб'екты, расказаў новы міністр унутраных спраў Юрый Караеў.
Усе месцы правядзення спаборніцтваў узятыя міліцыяй пад кругласутачную ахову. Спартыўную вёску, як самы важны аб'ект, ахоўваюць "найбольш падрыхтаваныя супрацоўнікі АУС і вайскоўцы ўнутраных войскаў з усёй краіны". Адзін з крытэраў адбору сюды — веданне замежнай мовы.
З 8:00 да 20:00 вайскоўцы дзяжураць па перыметры Спартыўнай вёскі: тры гадзіны — на посце, тры — адпачынак. У кожнага ёсць вада ў фляжцы. Ці атрымаецца ў іх пры гэтым застацца незаўважнымі, як заяўляе міністр, пакажуць найбліжэйшыя дні.
"Гатоўнасць органаў унутраных спраў высокая. Але мы заўсёды павінныя прыдзірліва ставіцца да мераў, якія прымаем, і лічыць, што яны недастатковыя. Мы самі павінныя шукаць магчымыя рызыкі і пагрозы, — сказаў Юрый Караеў. — Таму гаварыць пра поўную гатоўнасць было б заўчасна. На практыцы праблемы ўсё роўна з'явяцца і пакажуць нам, што мы не прадугледзелі, і як зманеўраваць сіламі і сродкамі, каб гэта палепшыць.
У цэлым істотных зменаў аператыўнай абстаноўкі, звязаных з Гульнямі, не прагназуецца, для гэтага няма перадумоў".
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Беларусі з 21 па 30 чэрвеня. Чакаецца, што нашу краіну наведаюць каля 20 тысяч спартсменаў і гледачоў. Шэсць тысяч з іх будуць пражываць у Спартыўнай вёсцы на паўднёвым захадзе Мінска.