Міліцыя паказала затрыманага былога следчага з пашкоджаннямі на твары
Затрыманаму ў Мінску былому следчаму СК Мікіце Старажэнку інкрымінуюць не толькі "распальванне варажнечы групай асоб", але і "махлярства". Гэта стала вядома пасля з'яўлення міліцэйскага "пакаяльнага" відэа. У ім Старажэнка кажа, што перадаў нейкаму тэлеграм-каналу даныя пра двух супрацоўнікаў ГУБАЗіК МУС і аднаго з кіраўнікоў СК па Мінску. Выглядае экс-следчы перапалоханым, на яго твары бачныя пашкоджанні (сляды збіцця?).
"Махлярствам" сілавікі палічылі супрацоўніцтва Мікіты Старажэнкі з фондамі салідарнасці і збор сродкаў на аплату запазычанасці за навучанне ў Акадэміі МУС, паведамляе Беларускі партал навін.
Старажэнку затрымалі 1 лютага ў адным з гандлёвых цэнтраў сталіцы. Ён звольніўся з Следчага камітэта летам 2020-га, працаваў юрыстам. Летась ён правёў 15 сутак за кратамі за "несанкцыянаванае пікетаванне". Прозвішча старшага лейтэнанта юстыцыі запасу было ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі аб пазбаўленні званняў сілавікоў, якія звольніліся ў знак пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.