Міліцыя распавяла, за што на #БНР101 затрымалі Дашкевіча і яшчэ аднаго гледача
Мінская міліцыя на сваім сайце распавяла пра затрыманні на святкаванні Дня Волі ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка.
Паведамляецца, што грубых парушэнняў зарэгістравана не было. Але, тым не менш, без затрыманняў не абыйшлося: "За парушэнні грамадскага парадку падчас правядзення мерапрыемстваў, а таксама за парушэнні правілаў арганізацыі масавых мерапрыемстваў і абразу затрыманыя двое грамадзян, адзін з якіх па звароце арганізатараў мерапрыемстваў".
Адзін з затрыманых — Зміцер Дашкевіч, які выступіў з рэзкай прамовай на мітынгу. Пра другога Еўрарадыё расказваў адзін з арганізатараў мітынгу-канцэрту Віталь Рымашэўскі. Па яго словах, на тэрыторыі свята заўважылі п'янага, які неяк змог прайсці міліцэйскі кардон. Ён пачаў скандаліць, і арганізатары самі папрасілі міліцыянтаў затрымаць яго.