Мінабароны: Экіпаж танка, які ўрэзаўся ў слуп, у парадзе ўдзельнічаць не будзе
Пры інцыдэнце, калі танк урэзаўся ў ліхтарны слуп на праспекце Незалежнасці ў Мінску, пацярпелых няма. "Усе абсалютна здаровыя", — паведаміў на прэс-канферэнцыі 26 чэрвеня прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны, палкоўнік Уладзімір Макараў.
Па яго словах, праверка тэхнічнага стану паказала, што танк быў у спраўным стане. Каб такая сітуацыя не паўтарылася, прыняты комплекс мераў, заявіў прэс-сакратар вайсковага ведамства: "Пачынаючы ад дадатковых інструктажоў, дадатковых заняткаў для механікаў-кіроўцаў па ваджэнні ў горадзе ў складаных дарожных умовах і ўмовах надвор'я".
Адказваючы на пытанне Еўрарадыё, Макараў паведаміў, што экіпаж танка, які ўрэзаўся ў слуп, не будзе прымаць удзел у парадзе на Дзень Незалежнасці. Ён дадаў, што Мінабароны працягвае расследаванне здарэння. Ёсць верагоднасць, што дзеянні механіка-кіроўцы, які пачаў тармазіць пасля заносу танка, дазволілі пазбегнуць большых разбурэнняў, патлумачыў прадстаўнік вайсковага ведамства.
Макараў абверг чуткі, быццам механік-кіроўца танка пасля здарэння трапіў на гаўптвахту. "Гэта не адпавядае рэальнасці", — заявіў ён.
Прэс-сакратар Мінабароны заявіў, што вайсковае ведамства плануе ўжо сёння выправіць наступствы інцыдэнту на праспекце — найперш гаворка ідзе пра аднаўленне ліхтарнага слупа.
Таксама Макараў па просьбе Еўрарадыё пракаментаваў абмеркаванне інцыдэнта ў інтэрнэце. Па яго словах, падчас параду войскаў ніколі не выкарстоўваецца нічога баявога — ні боепрыпасаў, ні актыўнай брані, якая ўжываецца ў баявых дзеяннях.