Мінабароны прапануе вымяраць кошт салюту “не ў доларах, а ў бясцэннай памяці”
9 траўня ў Мінску і абласных гарадах адбудзецца святочны салют. У сталіцы сёлета будзе выпушчана 30 залпаў з шасці агнявых кропак: у Парку Горкага і ў Скверы імя Янкі Купалы, каля стэлы “Мінск — Горад-герой”, у раёне вёскі Зацань, у аэрапорце “Мінск-1” і ў ваенным гарадку ва Уруччы.
Летась для феерверку на 9 траўня было абсталявана на адну агнявую кропку менш.
Еўрарадыё спытала ў прэс-сакратара галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Уладзіміра Макарава, у якую суму бюджэту абыходзіцца салют. Аднак, на думку Макарава, грамадзян наўрад ці цікавіць такая інфармацыя:
"Я думаю, што кошт салюту вымяраецца не ў доларах, не ў беларускіх рублях, а ў той бясцэннай памяці, якая сімвалізуе адзінства і з'яднанне беларускага народа. Справа ў тым, што на фоне напужанага тэрарыстамі свету, на фоне разрываў рэальных бомб, рэальных крылатых ракет, у Беларусі калі і гучаць разрывы, дык гэта гукі салюту.
На маю думку, большасць грамадзян нашай краіны менавіта такім чынам і ацэньвае гэтую сімвалічную, важнейшую акцыю, якая гуртуе ўсіх людзей добрай волі. Калі што і засталося ў нас на постсавецкай прасторы, гэта памяць пра самую, магчыма, найважнейшую падзею гісторыі не толькі ХХ стагоддзя. У ёй зашыфраваныя адказы на вельмі шматлікія пытанні стагоддзя цяперашняга".