Мінабароны РФ: Ракета, якой збілі рэйс MH17, не стаіць на ўзбраенні ў Расіі
Міністэрства абароны Расіі выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды заяваў міжнароднай следчай групы, якая расследавала крушэнне "Боінга" рэйсам MH17, збітага пад Данецкам улетку 2014 года.
Як паведамлялася раней, следчыя прыйшлі да высновы, што ракетная ўстаноўка "Бук", з якой быў збіты самалёт, належала 53-й брыгадзе СПА расійскіх Узброеных сіл з Курска.
У сваёй заяве Мінабароны Расіі паведаміла, што ракета комплексу "Бук", фрагмент якой быў паказаны на прэс-канферэнцыі Сумеснай следчай групы, не магла належаць Узброеным сілам РФ. Па словах расійскіх вайскоўцаў, якія перадае ТАСС, усе ракеты гэтага года выпуску ўтылізаваныя ў 2011 годзе.
"Нанесены на рухавік ракеты серыйны нумар адназначна паказвае, што дадзены агрэгат быў выраблены ў 1986 годзе ў Савецкім Саюзе", — гаворыцца ў заяве. У расійскім абаронным ведамстве кажуць, што гарантыйны тэрмін эксплуатацыі зенітных ракет гэтага тыпу складае 15 гадоў. Гранічны тэрмін яго эксплуатацыі можна падоўжыць не больш як на 10 гадоў.
У Мінабароны ўдакладнілі, што крайнім тэрмінам эксплуатацыі ракеты, якую паказалі 24 траўня, быў 2011 год. Пасля гэтага ўсе такія ракеты былі спісаныя і адпраўленыя на ўтылізацыю.
Разам з тым расійскія вайскоўцы падкрэслілі, што гэтыя нормы дзейнічаюць толькі ў расійскіх Узброеных сілах, і зрабілі намёк, што ракета можа мець украінскае паходжанне. "У той жа час з моманту спынення існавання СССР у 1991 годзе і наступнага раздзелуа вайсковай маёмасці ва Украіну, якая атрымала ва ўласнасць каля дваццаці дывізіёнаў ЗРК "Бук", не было пастаўлена нi адной новай зенітнай ракеты", — заявілі ў расійскім Мінабароны.