Мінадукацыі — аб арганізацыі інавацыйнага праекта па методыцы Базарнага
"Здароўезберагальныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе"
Міністэрства адукацыі Беларусі ў панядзелак паведаміла, што "разглядаецца пытанне аб арганізацыі інавацыйнага праекта ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з прымяненнем здароўезберагальных тэхналогій па методыцы прафесара У. Ф. Базарнага". Яны "прадугледжваюць правядзенне вучэбных заняткаў у рэжыме змены дынамічных поз (выкарыстанне канторак), выкарыстанне афтальматрэнажораў, экалагічных карцін-пано". Мэтай называецца "комплекснае вывучэнне фактараў, якія ўплываюць на захаванне здароўя вучняў у ходзе адукацыйнага працэсу".
Тое, што методыка расійскага прафесара ўжо выкарыстоўваецца ў пачатковай школе, Міндукацыі назвала "фэйкам", які распаўсюджваюць "дэструктыўныя тэлеграм-каналы".
Расійскі навуковец, лекар і педагог Уладзімір Базарны распрацоўваў "здароўезберагальныя тэхналогіі" для школ і дзіцячых садкоў яшчэ ў савецкія часы. З восені 2023-га ў філіяле гімназіі №1 Наваполацка дзейнічаў эксперыментальны клас, у якім выкарыстоўвалі яго навучальныя метады. Вясной 2024-га прарасійскія актывісты аб'явілі, што Мінадукацыі прызнала эксперымент удалым і дазволіла ўвесці падобную сістэму яшчэ ў 14 школах (гаворка ішла нават пра асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак). Аднак для гэтага ім трэба было сабраць грошы. Мінадукацыі адрэагавала толькі амаль праз два тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.