Мінчанка на судзе сказала, што ў міліцыі ёй пагражалі зашчаміць нос стэплерам

Мінчанка на судзе сказала, што ў міліцыі ёй пагражалі зашчаміць нос стэплерам

У Фрунзенскім РУУС Мінска працягваюць катаваць затрыманых, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". Пра адзін з такіх выпадкаў расказала на судзе затрыманая мінчанка.

На пачатку чэрвеня жанчына вярталася дадому, калі разам з ёй у ліфт зайшлі два мужчыны. На яе паверсе спадарожнікі паведамілі, што яны з міліцыі і ідуць да яе, каб правесці ператрус. 

Адзін з міліцыянтаў паведаміў, быццам жанчына не пускала іх у кватэру, таму на яе склалі пратакол за непадпарадкаванне (арт. 24.3 КаАП). Падчас ператрусу ў мінчанкі канфіскавалі тэхніку, грошы з партманета і каштоўнасці. Потым яе адвезлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе склалі яшчэ адзін пратакол — за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП). У ім сцвярджалася, быццам жанчына падчас допыту "абразліва паводзіла сябе ў адносінах да супрацоўнікаў, нецэнзурна лаялася, раскідвала паперы на стале і кінула на падлогу аловак".

На судзе мінчанка распавяла суддзі Марыі Ярохінай, што ў РУУС ёй пагражалі ўдарыць электрашокерам і заціснуць нос стэплерам, каб яна падпісала пратакол. Без акуляраў жанчына не магла прачытаць дакумент, таму папрасіла супрацоўнікаў прачытаць яго ўслых, але ёй адмовілі. Мінчанка заявіла, што была вымушаная падпісаць пратакол, каб пазбегнуць катаванняў. 

У міліцыі паведамілі, быццам відэакамеры на тэрыторыі РУУС не працавалі. Па словах сведкі, нагрудных відэарэгістратараў у міліцыянтаў не было. Пры гэтым сама затрыманая мінчанка дакладна памятае, што камера ўсё ж такі ў міліцыянта была.

Суддзя Ярохіна прызнала жанчыну вінаватай і прысудзіла ёй арышт на 25 сутак.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што гэта не першае паведамленне за апошні месяц пра пагрозы і катаванні ў Фрунзенскім РУУС. Яшчэ адна затрыманая расказвала, што два тыдні таму ва ўпраўленні жанчыну душылі яе ж матузкамі ад абутку і білі электрашокерам, каб прымусіць разблакаваць тэлефон. 

Пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 года ў інтэрнэце з'явілася відэа катаванняў у Фрунзенскім РУУС сталіцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі