Мінчук 15 гадоў без ліцэнзіі будаваў дамы
У судзе Партызанскага раёна Мінска асудзілі мужчыну за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у сферы будаўніцтва, інфармуе сайт Генпракуратуры.
Мужчына набываў у Мінску старыя прыватныя дамы, зносіў іх, а на іх месцы будаваў новыя. Потым ён прадаваў жылыя памяшканні ў новазбудаваных дамах і зямельныя ўчасткі. Таксама ён дапамагаў грамадзянам у будаўніцтве жылых дамоў.
Гэтая дзейнасць працягвалася 15 гадоў — з красавіка 1999-га па ліпень 2014-га. Увесь час мужчына дзейнічаў без ліцэнзіі. Паводле звестак следства, мінчук узбагаціўся больш як на 2,4 мільёна рублёў. Гэта было кваліфікавана як атрыманне нелегальнага даходу ў асабліва буйным памеры.
На судзе прадпрымальнік не прызнаў сябе вінаватым у дзейнасці без ліцэнзіі. Але суду хапіла доказаў, прадастаўленых дзяржабвінавачаннем. Мужчыну прысудзілі да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Таксама ён на 5 гадоў пазбаўлены права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.