Мінчукі цікавяцца ў гарвыканкама, хто і як паставіў помнік бізнэсоўцу Карычу
На сайце petitions.by з'явілася петыцыя, адрасаваная чыноўнікам Мінгарвыкакама. Аўтары петыцыі просяць патлумачыць устаноўку помніка сербскаму бізнэсоўцу Срэцену Карычу (заснавальніку бізнэс-імперыі "BK Group", у склад якой уваходзіць кампанія "Dana Holdings") на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Мінску.
Пра з'яўленне гэтага помніка стала вядома некалькі дзён таму. Помнік пастаўлены на закрытай прыватнай тэрыторыі. Відэаролік, на якім паказаны манумент, размясціў у Фэйсбуку брат Срэцена — Багалюб Карыч, адзін з уладальнікаў "Dana Holdings". Яго холдынг актыўна займаецца забудовай беларускай сталіцы.
Аўтары петыцыі нагадваюць, што на ўсталяванне помнікаў патрабуецца дазвол і ўзгадненне Мінгарвыканкама. Акрамя таго, чыноўнікі Мінгарвыканкама накіроўваюць на разгляд кіраўніку дзяржавы дакументы аб стварэнні твораў манументальнай скульптуры ў Мінску.
"Просім паведаміць, кім ініцыявана ўстаноўка дадзенага твора манументальнага мастацтва, прывесці абгрунтаванне неабходнасці яго ўстаноўкі, а таксама паведаміць, на якой падставе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт узгадніў яго ўстаноўку", — гаворыцца ў петыцыі.
Па стане на 12:00 24 лютага пад петыцыяй было больш за паўтысячы подпісаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.