Мінгандлю Беларусі прапанавала вытворцам зніжаць цэны
Міністэрства гандлю Беларусі прапанавала вытворцам зніжаць цэны. Адзначаецца, што ў сакавіку 2016 года на спажывецкім рынку ўжо знізіліся кошты на цытрусавыя. памідоры, свежыя гуркі, бульбу, буракі, яблыкі, свініну, электратавары, тэлевізары ды іншае. Аднак, "у мэтах безумоўнага выканання пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы па зніжэнні сабекошту выпускаемай прадукцыі не менш чым на 25%", ды з улікам таго, што ў сакавіку ўмацаўся да асноўных валют беларускі рубель, Мінгандлю мяркуе, што працэс трэба працягваць. Арганізацыям-вытворцам і пастаўшчыкам неабходна правесці "дадатковую працу" па зніжэнні цэнаў на прадукцыю.
Пры гэтым адзначаецца, што рознічныя цэны ў Беларусі на спажывецкія тавары ў сярэднім больш чым на 15% ніжэйшыя за кошты ў Цэнтральнай федэральнай акрузе Расіі.
Мінгандлю прыводзіць статыстычныя дадзеныя, паводле якіх сёлета было праверана больш за 800 аб'ектаў грамадскага харчавання і гандлю. Было складзена і накіравана ў суды больш за 940 пратаколаў. Штрафы склалі каля 3,8 мільярда рублёў. У 2016 годзе на тэрмін да 12 дзён прыпынялася праца 185 згаданых аб'ектаў.