Мінгарвыканкам зноў адмяніў сустрэчу з заяўнікамі акцыі на Дзень Волі
Сустрэча чыноўнікаў з заяўнікамі акцыі на Дзень Волі павінна была прайсці 20 сакавіка ў 17.00, аднак за некалькі гадзін да яе арганізатарам патэлефанавалі з Мінгарвыканкама і паведамілі, што сустрэчы не будзе, а адказ аб дазволе (альбо забароне) акцыі арганізатары атрымаюць па пошце.
21 сакавіка аргкамітэт вырашыў апублікаваць план мерапрыемстваў, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага дазволу. Арганізатары заявілі, што чыноўнікі парушылі тэрміны, прапісаныя ў заканадаўстве, а таму шэсце пройдзе ад будынка Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы.
Увечары таго ж дня стала вядома, што у Мінгарвыканкам ізноў запрасілі арганізатараў акцыі. Сустрэча планавалася на 15 гадзін дня. Аднак і яе адмянілі. "Сустрэча ў Мінгарвыканкаме зноў адмененая. Прапануюць прыйсці да іх у пятніцу 24.03 ў 17.00", ― напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку адзін з заяўнікаў, Дзяніс Садоўскі.