"Мінінфарм лічыць фрылансерам любога карыстальніка глабальнай сеткі Інтэрнэт"

"Мінінфарм лічыць фрылансерам любога карыстальніка глабальнай сеткі Інтэрнэт"

Разабрацца з тым, хто ж такія фрылансеры, і з самім тэрмінам "фрылансер" вырашыла  Міністэрства інфармацыі. Пра гэта 12 жніўня заявіў кіраўнік ведамства Аляксандр Карлюкевіч у інтэрв'ю тэлеканалу “СТВ”.

"Мне здаецца, трэба вярнуцца да разгляду самога тэрміна "фрылансер" і больш грунтоўна пагаварыць пра гэта і прыўнесці пэўныя ініцыятывы. Мы будзем вельмі шырока прыслухоўвацца да журналісцкай грамадскасці ў вызначэнні ўсіх гэтых пазіцый", — кажа Карлюкевіч.

Цікава, што зладзіць такое абмеркаванне міністр абяцаў яшчэ пяць месяцаў таму, падчас падрыхтоўкі змен у закон "Аб СМІ". Але тады міністэрства інфармацыі хацела "пачуць аргументы на карысць таго, каб статус журналіста-фрылансера быў заканадаўча замацаваны".

Што можа стаяць за гэтай ініцыятывай Мінінфарма і якія парады чыноўнікам могуць даць людзі, наўпрост з фрылансерствам звязаныя?

Фрылансер з Гомеля Кастусь Жукоўскі не верыць, што Міністэрства інфармацыі хоча для фрылансераў дабра.

"У маім разуменні "фрыланс", гэта тое, што нам кажуць артыкулы Канстытуцыі 34 і 33 ― збор і распаўсюджванне інфармацыі, гарантаванае Канстытуцыяй. Нам, фрылансерам, я цяпер за сябе кажу, дастаткова артыкула 34. Галоўнае, каб я, карыстаючыся гэтым артыкулам, не парушаў Канстытуцыю, і калі я фрылансам зарабляю грошы, то каб плаціў падаткі. Не трэба ўлазіць туды, куды яны не павінны лезці, бо гэта Канстытуцыя. І таму мая такая не просьба, а парада: не трэба перашкаджаць", ― кажа Жукоўскі.

"Мінінфарм лічыць фрылансерам любога карыстальніка глабальнай сеткі Інтэрнэт"
Канстанцін Жукоўскі, фота www.svaboda.org/

Гомельскі фрылансер упэўнены, за ініцыятывай Мінінфарма стаіць не больш як жаданне заканадаўча "заткнуць рот" тым, хто гэтым фрылансам займаецца.

Не верыць у тое, што Мінінфарм збіраецца зрабіць журналістам-фрылансерам прасцей і брэсцкі народны рэпарцёр-фрылансер Сяргей Пятрухін.

"Я б папрасіў у гэтага чалавека (міністра інфармацыі, ― Еўрарадыё), каб не перашкаджаў працаваць. Гэта робіцца ў дачыненні да фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з “Радыё Рацыя” ці з Белсатам. Іх увесь час штрафуюць за тое, што няма акрэдытацыі. Што перашкаджае яе даць? Дайце ўсім акрэдытацыю, і хай працуюць, згодна з заканадаўствам. Парушае заканадаўства ― няхай адказваюць. А калі не ― то не", ― перакананы Сяргей Пятрухін.

"Мінінфарм лічыць фрылансерам любога карыстальніка глабальнай сеткі Інтэрнэт"
Сяргей Пятрухін, фота з Фэйсбуку

Блогер Антон Матолька раіць не спяшацца, сур'ёзна ўсё прадумаць і вывучыць вопыт фрылансу ў краінах з даўнімі традыцыі журналістыкі.

"Праблема ў тым, што Міністэрства інфармацыі ўспрымае як фрылансера любога карыстальніка глабальнай сеткі Інтэрнэт, які выконвае любое дзеянне: фатаграфуе, здымае відэа, піша тэкст, піша сваё меркаванне. У такім фармаце быць не павінна. Трэба разумець, што фрылансер мэтанакіравана працуе на нейкае СМІ і атрымлівае за гэта грошы, і фрылансер пад фарматам "Антон Матолька, які нешта сфатаграфаваў, узняў пытанне і яго перадрукавалі іншыя СМІ" ― гэта роўныя паняцці", ― разважае Антон Матолька.

І пагаджаецца з тым, што неабходна дакладна вызначыцца з разуменнем таго, хто такі фрылансер. Бо, кажа, калі абаронцу жывёл штрафуюць за "працу на СМІ" на падставе яе стрыма ў Фэйсбуку, то гэта непрымальна.

На думку блогера Эдуарда Пальчыса, Мінінфармацыі хоча "заканадаўча замацаваць практыку пакарання фрылансераў, якія працуюць на незарэгістраваныя ў Беларусі СМІ", і асцерагаецца, што ў фрылансеры чыноўнікі запішуць усіх блогераў ці нават усіх тых, хто нешта будзе пісаць у сацсетках і запатрабуюць ад іх падпарадкоўвацца правілам, якія распаўсюджваюцца на прафесійных журналістаў.

Дарэчы, у сакавіку 2018 года Аляксандр Карлюкевіч патлумачыў Еўрарадыё сваё бачанне "фрылансу".

Аляксандр Карлюкевіч: "На мой прыватны пункт гледжання і на мой пункт гледжання як чалавека, які будзе ўносіць ці праектаваць нейкія ініцыятывы, пазаштатны карэспандэнт ― гэта і ёсць фрылансер. Магчыма, мы цяпер лішні час трацім на вызначэнне тэрмінаў, а нам трэба падумаць па-сутнасці. Я лічу так: што фрылансер, што пазаштатны карэспандэнт ― усе павінны пазіцыянаваць свае стасункі з пэўным медыйным рэсурсам. Мне здаецца, пытанне толькі ў гэтым. А чаму закон павінен пярэчыць самому значэнню фрылансера?"

Адзінае карыснае, што сёння можа зрабіць Мінінфарм, перкананы Эдуард Пальчыс, гэта самараспусціцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі