Мінінфарм растлумачыла, чаму пазбавіла Логвінава ліцэнзіі без папярэджання
У адказ дырэктар выдавецтва падаў заяву ў Гаспадарчы суд.
У канцы верасня выдаўца Ігара Логвінава пазбавілі ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Прычына — выданне альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які яшчэ ў красавіку суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім.
Еўрарадыё звяртаецца па тлумачэнні непасрэдна да намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, якая падпісала паведамленне аб спыненні дзейнасці выдавецкай ліцэнзіі. Аднак адказ на пытанні пагаджаюцца даваць толькі пісьмова. У атрыманым праз два тыдні лісце бачым збольшага фармальнасці:
“Выдавец павінен выдаваць выданні з выкананнем усіх патрабаванняў заканадаўства… Падступаючыся да выпуску таго альбо іншага віду выдання павінен вывучыць дзейнічаючыя акты заканадаўства ў дадзенай сферы і кіравацца імі ў сваёй дзейнасці”, — піша Лілія Ананіч у адказе на запыт.
Тлумачыцца ў лісце і тое, што Ігара Логвінава пазбавілі ліцэнзіі без папярэджання, як прадугледжвае заканадаўства. Маўляў, вельмі ўжо грубым было парушэнне. Таму калегія вырашыла адабраць ліцэнзію адразу, не чакаючы, пакуль выдавец выправіцца. Звычайна на гэта даецца шэсць месяцаў.
А вось пытанне пра тое, ці павінен выдавец перад працай над выданнем кнігі альбо альбома самастойна праводзіць экспертызу на экстрэмізм, застаецца без адказу. Ігар Логвінаў кажа, што ў заканадаўстве насамрэч ёсць забарона выдаваць экстрэмісцкія матэрыялы. Але пра тое, як шукаць гэты экстрэмізм, няма ні слова.
“Экспертыза, па-першае, працэдура платная. Не ведаю, які выдавец будзе яе рабіць для кожнага свайго выдання. Па-другое, у актах ёсць палажэнне, што выдаўцы не маюць права выдаваць экстрэмісцкую літаратуру. Што гэта такое, зразумела без экспертызы. Альбом з фотаздымкамі не можа насіць нейкі экстрэмісцкі характар”.
Яшчэ больш пытанняў узнікае, калі ўлічыць, што прыналежнасць да экстрэмізму таго альбо іншага выдання можа вызначыць толькі суд. Што і здарылася ў выпадку альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, за выданне якога Ігара Логвінава пазбавілі ліцэнзіі. А таксама з адным з нумароў часопіса “Архэ”, прызнаным экстрэмісцкім у 2009 годзе. Праўда, тады такое судовае рашэнне не стала прычынай для закрыцця часопіса.
Як даведалася Еўрарадыё, у Беларусі за апошнія пяць гадоў увогуле нікога не пазбаўлялі выдавецкай ліцэнзіі за публікацыю матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі.
У выдавецтве “Логвінаў” тым часам накіравалі зварот у Вышэйшы гаспадарчы суд, дзе збіраюцца абскардзіць пазбаўленне ліцэнзіі. Прычынай гэтага было ў тым ліку ўпартае маўчанне Мінінфармацыі, якое больш не камунікуе з выдаўцом.
“Адказу з міністэрства на нашы пытанні няма. І вось сёння, а хутчэй за ўсё, учора нашы юрысты звярнуліся ў Гаспадарчы суд з намерам абскардзіць пазбаўленне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць”, — кажа Ігар Логвінаў.
Дата разгляду спрэчкі паміж Логвінавым і Мінінфармацыі пакуль не вядомая. У міністэрстве тым часам кажуць, што Ігар Логвінаў можа паспрабаваць атрымаць новы дазвол на выдавецкую дзейнасць. Але толькі праз год — гэта значыць пасля 20 верасня 2014-га. Сам выдавец сцвярджае, што чакаць столькі не збіраецца. Неабходныя дакументы можна аформіць і на іншага чалавека, не настолькі скандальна вядомага.