Міністэрства адукацыі патлумачыла, чаму ва ўніверсітэтах быў недабор на бюджэт
БНТУ таксама сутыкнуўся з недахопам абітурыентаў / Вікіпедыя
Беларускія ВНУ сёлета недабралі на бюджэт больш за 900 чалавек. Аб'яўляўся дадатковы набор, але нават дзякуючы яму "закрыць" вакантныя месцы не ўдалося на 490 месцаў.
Як растлумачыў журналістам у чацвер начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей Каспяровіч, сёлета быў на 2% павялічаны набор на бюджэт. Плануюць жа набор загадзя разам з заказчыкамі кадраў (прадпрыемствамі) і іншымі дзяржорганамі. Павялічвалі ў тым ліку колькасць бюджэтных месцаў на тэхнічных спецыяльнасцях, дзе трэба здаваць фізіку і матэматыку на ЦТ.
"Колькасць абітурыентаў, якія выбіралі гэтыя профілі на ЦТ, аказалася меншай, чым колькасць месцаў. Ну а некаторыя абітурыенты не набралі парогавыя значэнні: па фізіцы — крыху больш [недабралі]", — растлумачыў Каспяровіч.
Колькі абітурыентаў не набралі "парог" на ЦТ па фізіцы, Мінадук не паведамляе, аднак традыцыйна гэты прадмет абітурыенты здаюць горш за ўсё.
Каспяровіч падкрэсліў, што недаборы здараюцца з году ў год, гэта не з'яўляецца чымсьці новым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.