Міністр па падатках: Тыя, хто атрымоўвае заробак у канвертах, — дармаеды

Грамадзян, якія атрымліваюць заробак у канвертах, можна прыраўняць да дармаедаў. З такой заявай на тэлеканале "Беларусь 1" выступіў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка.

Кіраўнік міністэрства заявіў, што, з аднаго боку, да катэгорыі дармаедаў адносяцца асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, а з другога — "своеасаблівыя сацыяльныя ўтрыманцы, асобы, якія займаюцца нелегальным бізнэсам, атрымліваюць заробак у канвертах і не ў поўным аб'ёме выплачваюць падаткі".

"Разам гэтыя дзве катэгорыі і з'яўляюцца дармаедамі", — перадае interfax.by словы Налівайкі.

Нагадаем, што зараз беларускія ўлады рыхтуюць прэзідэнцкі дэкрэт аб дармаедах. Па словах міністра, праект дэкрэта прадугледжвае для грамадзян "права прыйсці ў падатковую інспекцыю, падаць дакументы, якія пацвярджаюць, што ён не з'яўляецца дармаедам, што ён удзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, і гэта будзе прынята".

Памылкі падатковай інспекцыі, кажа Налівайка, можна будзе аспрэчыць у судзе.

Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі