Міністр прамысловасці Беларусі злятаў у Тога перадаць партыю аўтобусаў
У цырымоніі перадачы беларускіх аўтобусаў узяў удзел міністр прамысловасці Пётр Пархомчык / minprom.gov.by
Партыю беларускіх аўтобусаў даставілі ў Тога — гэта дзяржава на захадзе Афрыкі. У сталіцы краіны Ломе днямі адбылася цырымоніі перадачы машын. У ёй узяў удзел міністр прамысловасці Беларусі Пётр Пархомчык, паведамілі ў ведамстве.
Аўтобусы даставілі ў гэтую афрыканскую краіну яшчэ ў канцы мінулага года. Але цырымонію правялі толькі цяпер.
"Падчас вырабу дадзенай прадукцыі былі выкананыя ўсе патрабаванні да тэхнічнай часткі, а таксама ўлічаныя мясцовыя ўмовы яе эксплуатацыі", — адзначылі ў Мінпраме.
Там таксама расказалі, што Беларусь і Тога рэалізуюць сумесныя праекты ў транспартнай і сельскагаспадарчай сферах. Гэта можа аказацца стымулам і для новых паставак беларускіх тэхнікі і абсталявання.
Прынамсі Пархомчык на цырымоніі перадачы аўтобусаў у Ломе казаў, што беларускі бок заўсёды адкрыты для рэалізацыі новых сумесных праектаў.
Пра тое, што Беларусь разглядае Афрыку "як адзін з важных элементаў сваёй шматвектарнай знешняй палітыкі" ў траўні 2021 года казаў намеснік міністра замежных справаў Мікалай Барысевіч. Паводле яго слоў, з Афрыкай у Беларусі няма палітычных супярэчнасцяў, а па многіх пазіцыях погляды падобныя. Гэтыя заявы ён зрабіў падчас другога Беларуска-Афрыканскага эканамічнага форуму. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 13 афрыканскіх краін. Тога сярод іх не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.