Міністр унутраных спраў Беларусі выказаўся пра дзедаўшчыну ў войску
Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч выказаўся пра дзедаўшчыну ў войску. Гэтая праблема ўсхвалявала грамадства пасля трагічнай смерці ў Печах салдата Аляксандра Коржыча. 11 тысяч чалавек падпісаліся пад электроннай петыцыяй за адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова.
Шуневіч прыгадаў, што тры гады служыў на ваенна-марскім флоце. Ён упэўнены, што ў пытаннях дзедаўшчыны ўсё залежыць ад малодшых камандзіраў. “Часам патрабуецца жорсткае падпарадкаванне, але размеркаванне абавязкаў павінна быць справядлівым, — гаворыць міністр унутраных спраў. — Прыніжэнне, псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на маладога байца — ганьба для ўсіх. Усе мы, людзі ў пагонях, раней ці пазней можам устаць у адзін шэраг, калі спатрэбіцца”.