Міністр унутраных спраў заяўляе, што разгону Майдана не будзе
Такую заяву Віталя Захарчанкі размясціў афіцыйны сайт МУС Украіны.
"Жадаю ўсіх супакоіць — ніякага разгону Майдана не будзе. Ніхто не замахваецца на права грамадзян на мірны пратэст. Аднак нельга ігнараваць правы і законныя інтарэсы іншых грамадзян. Звычайнае функцыянаванне сталіцы не павінна быць парушана", — перадае УНІАН словы міністра.
Захарчанка заяўляе, што ўжо некалькі сутак у цэнтры Кіева назіраецца транспартны калапс. Узровень затораў на дарогах сталіцы дасягнуў максімальнага значэння — 10 балаў. Галоўныя транспартныя артэрыі горада перакрытыя барыкадамі, неабходнасць і мэтазгоднасць якіх выклікаюць вялікія сумневы, лічыць кіраўнік МУС. “Акрамя таго, дзеля іх узвядзення бязлітасна знішчаюцца дрэвы і камунальная маёмасць, якая належыць тэрытарыяльнай абшчыне Кіева”, — адзначае міністр.
Захарчанка лічыць, што мітынгоўцы сваімі дзеяннямі парушаюць правы іншых суграмадзян. Таму ён заклікаў удзельнікаў акцый паважаць патрабаванні закона.
Дарэчы, начны разгон Майдана міліцыя назвала мерапрыемствамі па добраўпарадкаванні тэрыторыі.