Мінлясгас: знос крыжоў у Курапатах — працяг усталявання афіцыйнага помніка
Міністэрства лясной гаспадаркі выступіла з афіцыйным каментаром наконт зносу крыжоў у Курапатах.
Нагадаем, 4 красавіка супрацоўнікі Бараўлянскага спецлясгасу пад аховай АМАПа знеслі 70 крыжоў, усталяваных па перыметры Курапатаў.
"У перыяд з 4 па 9 красавіка 2019 г. ГСЛХУ "Бараўлянскі спецлясгас" праводзіліся планавыя работы па добраўпарадкаванні ляснога фонду. У прыватнасці, спецыялістамі лесагаспадарчай установы быў ажыццёўлены знос незаконных аб'ектаў і ўстаноўлена агароджа па мяжы ахоўнай зоны", — гаворыцца ў заяве ведамства.
Гэтыя работы тлумачацца добраўпарадкаваннем мемарыяла, праведзеным у працяг усталявання афіцыйнага помніка. Помнік, ініцыяваны Федэрацыяй прафсаюзаў, быў узведзены ў лістападзе 2018 года. "Работы, якія праводзяцца ў красавіку 2019 г., з'яўляюцца працягам добраўпарадкавання дадзенай тэрыторыі", — заяўляюць у Мінлясгасе. Падкрэсдіваецца, што на ўсталяванне помніка былі атрыманыя ўсе неабходныя дазволы і ад Мінаблвыканкама, і ад Мінкульту.
Знос крыжоў па перыметры Курапатаў тлумачыцца тым, што яны нібыта былі ўзведзеныя незаконна. "Дадзеныя збудаванні не адлюстраваныя ў існуючым пашпарце аб'екта і не маюць ніякага дачынення да "ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору", — гаворыцца ў заяве Мінлясгаса. Пры гэтым яны спасылаюцца на артыкул гісторыка Ігара Марзалюка "Рэаліі і міфы аб БССР: у БССР у гады рэпрэсій загінулі мільёны", апублікаваны ў газеце "СБ. Беларусь сегодня".
"Варта таксама падкрэсліць, што ўсе крыжы, усталяваныя на тэрыторыі ўрочышча законным чынам, пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні былі захаваныя. На тэрыторыі комплексу можна знайсці ў тым ліку і адны з самых першых крыжоў, што кажа аб трапяткім стаўленні дзяржавы да захавання памяці", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Дарэчы, актывістка Ганна Шапуцька на днях апублікавала ў Фэйсбуку дакумент, які дазваляе ўсталяванне крыжоў па перыметры Курапатаў. Яго 22 лістапада 2018 года падпісала навуковая кіраўніца мемарыялу "Курапаты" Мая Кляшторная.