Мінпрацы патлумачыла, як беларусам трэба пацвярджаць працу і вучобу за мяжой
Грамадзяне Беларусі, якія працуюць або стацыянарна вучацца за мяжой, павінныя дакументальна пацвердзіць гэта. Тады іх не ўключаць у спіс асобаў, не занятых у эканоміцы і абавязаных цалкам аплочваць камунальныя паслугі. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны патлумачыла, якія дакументы для гэтага патрэбныя.
У адпаведную камісію па месцы рэгістрацыі людзі, якія працуюць за мяжой, мусяць падаць такія дакументы, як копія працоўнай дамовы (кантракта); копія пасведчання, дазволу, ліцэнзіі на ажыццяўленне адвакацкай, натарыяльнай дзейнасці; копіі іншых дакументаў, якія пацвярджаюць факт працоўнай дзейнасці. Навучэнцы могуць падаць даведку з адукацыйнай установы; копіі дамовы на аказанне адукацыйных паслуг або іншыя дакументы, якія пацвярджаюць навучанне.
Дакументы мусяць мець афіцыйны пераклад на рускую ці беларускую мову — гэта значыць, яны мусяць быць завераныя арганізацыяй, якая мае права пацвердзіць правільнасць перакладу дакумента ў адпаведнасці з заканадаўствам краіны (натарыяльна; апастыль; іншая форма заверання афіцыйнага перакладу дакументаў). Падаць дакументы ў камісію можна праз электронную пошту ў фарматах pdf, jpg, jpeg, png (памер файла не павінен перавышаць 5 Мб), праз звычайную поўту або асабісты зварот. Усе адрасы і кантакты пазначаныя на афіцыйных сайтах раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у гарадах.
У Мінпрацы кажуць, што першыя спісы "дармаедаў" будуць сфармаваныя на 1 лютага 2019 года. Таму дакументы пра замежную працу або навучанне просяць падаваць да 21 студзеня 2019 года. Потым спісы будуць фармавацца штоквартальна. У сувязі з гэтым чыноўнікі рэкамендуюць накіроўваць дакументы да 21 красавіка, да 21 ліпеня, да 21 кастрычніка, да 21 студзеня.
Пасля падачы дакументаў чалавеку не трэба кожны квартал пацвярджаць працу або анвучанне за мяжой. Камісія на падставе пададзеных дакументаў сама вызначыць, на які час не лічыць яго "дармаедам".