Мінскага міліцыянта судзяць за бясплатнае карыстанне паслугамі прастытутак
Лейтэнанта міліцыі вінавацяць у злоўжыванні ўладай. Матэрыялы яго крымінальнай справы накіраваныя ў суд.
Як піша інтэрнэт-газета "Ежедневник", гаворка ідзе пра лейтэнанта міліцыі Фрунзенскага раённага ўпраўлення сталіцы. Ён працаваў у органах унутраных спраў з 2007 года і паспеў даслужыцца да інспектара-дзяжурнага гарадскога аддзела міліцыі.
Цікавасць у службы ўласнай бяспекі 25-гадовы міліцыянт выклікаў тым, што ён вымусіў дзвюх дзяўчат, якія прыехалі ў Мінск з Гродзенскай вобласці дзеля працы прастытуткамі, аказваць яму інтымныя паслугі бясплатна. Дзяўчатам лейтэнант расказваў, што працуе ў аддзеле нораваў і процідзеяння гандлю людзьмі, і абяцаў сваю абарону.
Падчас дадатковай праверкі высветлілася, што ў лейтэнанта былі не дзве, а дзесяць такіх дзяўчат.
Следчы камітэт пачаў на міліцыянта крымінальную справу за злоўжыванне ўладай. Яму пагражае да 10 гадоў турмы. З міліцыі лейтэнанта звольнілі за ўчынак, які дыскрэдытуе званне супрацоўніка МУС. Праўда, пад варту браць не сталі.
Фота — blogi.vitebsk.biz