Мінскі суд не задаволіў скаргу журналіста Паўла Дабравольскага
Мінскі гарадскі суд не задаволіў скаргу журналіста партала tut.by Паўла Дабравольскага. Месяц таму ён быў аштрафаваны судом Фрунзенскага раёна на 9,45 млн рублёў, нібыта, за лаянку матам і невыкананне "законных патрабаванняў службовай асобы". Па словах журналіста, насамрэч у будынку суда яго збілі супрацоўнікі міліцыі. Следчы камітэт праводзіць праверку, пра яе вынікі пакуль нічога невядома.
Дабравольскі прасіў суд адмяніць штраф, паколькі суд першай інстанцыі адмовіўся выслухаць сведкаў з яго боку. Да таго ж у судовай пастанове ёсць супярэчнасці. У судзе Дабравольскі таксама заявіў, што ніякіх відэа- ці фотадоказаў здзяйснення ім правапарушэння няма. Тым не менш, суддзя вырашыў пакінуць прысуд без зменаў. Журналіст заявіў, што гэта яго не здзівіла. Ён збіраецца абскардзіць пастанову ў Вярхоўным судзе, інфармуе tut.by.
На сённяшнім пасяджэнні прысутнічалі кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, калегі Паўла Дабравольскага, прадстаўнікі амерыканскай амбасады і прадстаўніцтва Еўрасаюза.