Мінскія вуліцы ачысцілі ад больш як 5600 зламаных ураганам дрэваў
Навальніцы, якая прайшлася па Мінску 13 ліпеня, паваліла 7373 дрэвы. На аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Суша заявіў, што на 17 ліпеня было прыбрана 5615 дрэваў.
"Працы працягваюцца. Засталося прыбраць каля 1,8 тысячы паваленых дрэваў", — перадае БЕЛТА яго словы.
Ад навальніцы ў Мінску пацярпелі 520 аўтамабіляў — яны або былі падтопленыя, або пашкоджаныя дрэвамі.
"Ахвярамі" стыхіяі сталі таксама 39 прыпыначных пунктаў грамадскага пасажырскага транспарту. Але яны ўсе ўжо адноўленыя.
Моцны вецер паламаў таксама 90 рэкламных шчытоў: 34 ў самім Мінску, 30 — уздоўж кальцавой дарогі, 26 — у Нацыянальным аэрапорце Мінск. Як адзначыў Суша, поўны знос альбо замену шчытоў плануецца завяршыць да 20 ліпеня.
Да сталічных медыкаў па дапамогу 13 ліпеня пасля ўрагану звярнуліся 26 чалавек, пяцёра з іх былі шпіталізаваныя. На цяперашні час пагрозы іх жыццю і здароўю няма.