Мінула 16 гадоў з моманту знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Мінула 16 гадоў з моманту знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Шаснаццаць гадоў таму ў Мінску зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Увечары 16 верасня 1999 года яны разам пайшлі ў лазню, размешчаную ў Мінску па вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў “Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Віктар Ганчар быў у камандзе палітыкаў, якая дапамагла Аляксандру Лукашэнку прыйсці да ўлады. Пасля рэферэндуму 1996 года Ганчар перайшоў у апазіцыю да беларускага кіраўніка. Анатоль Красоўскі быў сябрам Ганчара.

Крымінальную справу па факце знікнення Ганчара і Красоўскага распачала пракуратура сталіцы. Паводле следства, падчас дагляду прылеглай тэрыторыі былі знойдзеныя асколкі пластмасавых рассейвальнікаў святласігнальных прыладаў аўтамабіля, сляды тармажэння машыны і яе ўдару аб дрэва, а таксама сляды крыві. Вынікі экспертызы паказалі, што кроў не належыць Красоўскаму, але з верагоднасцю 99,6% належыць Ганчару. Сабраныя доказы дазваляюць меркаваць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя.
Прадстаўнікі апазіцыі і родныя зніклых лічаць, што іх выкралі па палітычных матывах і падазраюць у спрычыннасці да гэта вышэйшых службовых асобаў дзяржавы, нагадвае БелаПАН.

Расследаванне справы на сёння прыпыненае. Да думку праваабаронцаў, яно можа аднавіцца толькі ў выпадку змены існуючай улады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі