Мінюст ЗША абвінаваціў сем "афіцэраў расійскай арміі" ў кіберузломах
Мінюст ЗША абвінаваціў сем "афіцэраў расійскай арміі", супрацоўнікаў ваеннай разведкі, у кіберузломах. Адзначаецца, што хакеры атакавалі спартыўныя арганізацыі (сярод іх — ФІФА, САДА), хімічныя лабараторыі (у тым ліку швейцарскую лабараторыю, якая вывучыла рэчыва, якім у Вялікабрытаніі атруцілі Сяргея Скрыпаля і яго дачку), ядзерную кампанію Westinghouse і іншыя кампаніі, якія знаходзяцца ў Канадзе, ЗША, Манака, Нідэрландах, Швейцарыі. У спісе пацярпелых ад хакераў антыдопінгавыя агенцтвы, 250 спартсменаў з 30 краін свету (іх персанальную інфармацыю публікавалі ад імя хакерскай групоўкі, каб падчас допінгавага скандалу схіліць грамадскую думку на карысць Расіі), інфармуе "Бі-Бі-Сі". Падкрэсліваецца, што афіцэры дзейнічалі і з Расіі, і прыязджалі ў краіны Захаду.
Названыя імёны і прозвішчы згаданых расіян, якія цяпер знаходзяцца ў РФ: Аляксей Марэнец, Яўген Серабракоў, Іван Ермакоў, Арцём Малышаў, Дзмітрый Бадзін, Алег Сотнікаў, Аляксей Мінін. Якраз сёння Міністэрства абароны Нідэрландаў паведаміла, што 13 красавіка прадухіліла кібератаку Расіі на Арганізацыю па забароне хімічнай зброі. З Нідэрландаў выслалі чатырох расіян з дыпламатычнымі пашпартамі, якіх палічылі супрацоўнікамі расійскай ваеннай разведкі. Гэта Марэнец, Серабракоў, Сотнікаў і Мінін.