Мінздароўя адмовілася публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасці

Мінздароўя адмовілася публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасці

Міністэрства аховы здароўя не будзе публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасці, бо ў пытаннях статыстыкі больш кампетэнтны Белстат. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе першага намесніка міністра Дзмітрыя Піневіча на петыцыю, якую падпісалі больш за 400 чалавек. 

Петыцыя з сайта Petitions.by была адпраўленая чыноўнікам 20 траўня. Яе падпісанты прасілі рэгулярна публікаваць статыстыку смяротнасці ў Беларусі ў параўнанні з адпаведным месяцам мінулага года

У звароце гаварылася, што ў Беларусі празмерна нізкая смяротнасць ад COVID-19 у параўнанні з іншымі краінамі. Паводле беларускай афіцыйнай статыстыкі на момант публікацыі петыцыі памерлі 0,51% заражаных, калі ў Нідэрландах або Швэцыі іх было больш за 12%. Гэта становіцца падставай для сумневаў і чутак, пісаў аўтар петыцыі Улад Камароўскі.

У сваёй адмове першы намеснік міністра Дзмітрый Піневіч адказаў, што статыстыку смяротнасці ад каранавіруса праналізуюць пасля заканчэння эпідэміі. А цяпер паказчыкі і метады іх аналізу, маўляў, даюць "ацэначныя меркаванні". 

Па словах чыноўніка, выбар пазначанай прычыны смерці адпавядае Міжнароднай статыстычнай класіфікацыі хваробаў. А меншую смяротнасць ад COVID-19 у Беларусі ў параўнаньні з іншымі краінамі Еўропы Піневіч патлумачыў высокай забясьпечанасцю медыцынскімі кадрамі, развітай матэрыяльна-тэхнічнай базай, пунктамі доступу да кіслароду і апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх. 

"Айчынныя прадпрыемствы фармацэўтычнай прамысловасці ў прыярытэтным парадку ажыццяўляюць вытворчасць лекавых сродкаў, неабходных для лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19", — піша чыноўнік. Між тым, лекаў ад гэтага каранавіруса няма яшчэ ні ў адной краіне свету. Некаторыя лекі дапамагаюць ад асобных сімптомаў. 

Намеснік міністра запэўнівае, што яго ведамства "наладзіла пастаянную сувязь са СМІ для інфармавання грамадзянаў". Тым часам прадстаўнікі Мінздароўя ўжо паўтара месяца не праводзяць ні прэс-канферэнцыяў, ні брыфінгаў па сітуацыі з COVID-19.

Наконт публікацыі статыстыкі смяротнасці Піневіч прапанаваў звярнуцца ў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Па стане на 8 чэрвеня ў Беларусі зарэгістравана 49 453 выпадкі заражэння каранавірусам, 276 пацыентаў памерлі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі