Мітрапаліт Епіфаній стаў афіцыйным кіраўніком Праваслаўнай царквы Украіны
Мітрапаліт Епіфаній стаў афіцыйным кіраўніком Праваслаўнай царквы Украіны. Як перадае hromadske.ua, сёння ў Кіеўскай Сафіі адбылася цырымонія яго інтранізацыі. Цяпер Епіфанія называюць мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны.
На цырымоніі ўзыходжання на прастол прысутнічалі прадстаўнікі Усяленскага патрыярхату, Украінскай праваслаўнай царквы ў ЗША, в Канадзе, а таксама прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка са сваёй жонкай Марынай Парашэнка.
Былы прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт на цырымоніі адсутнічаў з прычыны пагаршэння стану здароўя.
Інтранізацыя мітрапаліта Епіфанія адбылася ў яго дзень нараджэння — сёння кіраўніку ПЦУ спаўняецца 40 гадоў.
Прадстаяцелем Праваслаўнай царквы Украіны Епіфанія абралі 15 снежня 2018 года на Аб’яднаўчым Саборы ў Кіеве. 5 студзеня Усяленскі патрыярх Варфаламей падпісаў томас, якім абвясціў аўтакефалію для Праваслаўнай царквы Украіны.