Мітрапаліт Кандрусевіч — Святлане Алексіевіч з нагоды выказванняў пра католікаў

Мітрапаліт Кандрусевіч — Святлане Алексіевіч з нагоды выказванняў пра католікаў

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік беларускай каталіцкай царквы, звярнуўся з адкрытым лістом да нобелеўскай лаўрэаткі па літаратуры Святланы Алексіевіч з нагоды яе нашумелых выказванняў наконт патэнцыйнай вайны паміж католікамі і праваслаўнымі.

“Дайце ў Беларусь танкі, зброю — і там каталікі пачнуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна”, — сказала Алексіевіч у інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу “Дождж”. Гэтыя словы імгненна разышліся ў прэсе і ў сацыяльных сетках. Не пакінулі яны абыякавымі і рэлігійных дзеячаў.

“Калі ў 2015 годзе Вы атрымалі Нобелеўскую прэмію, я, прымаючы ўдзел у працы Сіноду Біскупаў на тэму сям’і ў Ватыкане, папрасіў слова і аб’явіў аб тым, што Вы сталі лаўрэатам самай прэстыжнай прэміі па літаратуры — і біскупы ўсяго свету Вам апладзіравалі”, — звяртаецца да нобелеўскай лаўрэаткі Тадэвуш Кандрусевіч.

“З усёй упэўненасцю хачу падкрэсліць, што гэта нават немагчыма сабе ўявіць ў Беларусі, дзе гістарычна склаліся добрыя як міжканфесійныя, так і міжрэлігійныя адносіны, якія з’яўляюцца нашым нацыянальным скарбам і добрым прыкладам для ўсяго свету. Няўзброеным вокам бачна, што Каталіцкі Касцёл, як і Праваслаўная Царква ды іншыя веравызнанні ў Беларусі робяць усё магчымае, каб развіваць адносіны паміж сабой і грамадствам”, — заявіў кіраўнік беларускага касцёлу.

Кандрусевіч адзначае, што хоць чалавечая прырода і “здэфармаваная першародным грахом”, але можа супрацьстаяць спакусам і выклікам з божай дапамогай. Ён таксама выказвае засцярогу, што словы Алексіевіч могуць быць успрынятыя як заклік да міжканфесійнай канфрантацыі.

“Спадзяюся, што ў Вашых словах не было дрэннага намеру ў адрас католікаў нашай Бацькаўшчыны. Аднак варта памятаць, што зраніць і забіць могуць не толькі танкі і зброя, але і словы. Будучы асобамі публічнымі, неабходна памятаць пра адказнасць за свае словы”, — кажа мітрапаліт Кандрусевіч.

Ён таксама выказаў надзею, што Святлана Алексіевіч будзе з павагай ставіцца да права чалавека на рэлігійную свабоду і пажадаў пісьменніцы спрыяць гарманічнаму і мірнаму развіццю грамадства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі