Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў цывілізавана вырашыць праблемы з дэкрэтам №3
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч занепакоены сітуацыяй вакол дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". У сувязі з гэтым ён заклікае да цывілізаваных метадаў вырашэння гэтай праблемы, паведамляе catholic.by.
Каталіцкі іерарх кажа, што пра масавыя пратэсты супраць дэкрэта ён даведаўся падчас вяртання з ЗША, праглядаючы навіны ў інтэрнэце. "Мне стала горка за краіну, і я вырашыў звярнуцца са сваім заклікам да ўсіх бакоў", — распавядае ён.
Ён прапанаваў усім зацікаўленым бакам сесці за стол перамоваў. "Бо толькі за сталом перамоў усіх зацікаўленых бакоў ёсць шанс вырашыць гэтую праблему. Дзякую Богу, што ўлады таксама заўважаюць гэта. Заўважаюць, што Дэкрэт №3 аб “дармаедах” патрабуе правак", — мяркуе мітрапаліт.
Старшыня каталіцкага епіскапату ў Беларусі нагадвае, што ў Беларусі ўсе плоцяць аднолькавы падатак — багатыя і бедныя. "А наколькі я ведаю, у многіх краінах свету ёсць дыферэнцыяцыя: багатыя плацяць больш, чым бедныя", — дадае Кандрусевіч.
Таксама ён выказвае сумнеў, што ўсіх беспрацоўных удасца ўладкаваць на працу ў заяўлены тэрмін — да 1 траўня. "Быў загад, каб да 1 траўня ўсе працаўладкаваліся. Ці здолеюць усе знайсці працу? Да гэтага пытання трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна, бо закранаюцца лёсы людзей", — асцерагае каталіцкі іерарх.